У магазінах бізнесмена Чыжа – дэфіцыт тавараў
У гіпермаркетах сталічнай сеткі ProStore па-ранейшаму многія паліцы пустыя.
Нагадаем, фота напалову пустых паліц у магазінах сталічнай сеткі ProStore сталі з’яўляцца ў СМІ пасля затрымання бізнесмена Юрыя Чыжа ў сакавіку гэтага года. Абвінавачаны ва ўхіленні ад выплаты падаткаў прадпрымальнік з’яўляецца асноўным уладальнікам групы кампаній “Трайпл”, куды ўваходзяць і гіпермаркеты ProStore.
Паведамлялася, што дэфіцыт асартыменту тавараў узнік з-за запазычанасці рытэйлера перад пастаўшчыкамі, але яшчэ 6 мая гандлёвая сетка заявіла, што вырашае праблемы з асартыментам. На сайце кампаніі нават з’явілася фота запоўненых паліц і навіна з аптымістычным загалоўкам “Мы вяртаем усё на свае месцы!”.
А 12 мая была створана працоўная група па маніторынгу сеткі гіпермаркетаў ProStore, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама, Міністэрства гандлю, Міністэрства па падатках і зборах, «Беларусбанка», а таксама кампаніі «Прастор-Трэйд».
«Працоўная група вырашае бягучыя праблемы ў рабочым парадку, праводзяцца маніторынгі. Робіцца ўсё для таго, каб вярнуць увесь асартымент тавараў на паліцы магазінаў», – паведамілі журналістам у галоўным упраўленні спажывецкага рынку Менгарвыканкама.
Тым не менш, сітуацыя пасля гэтага так і не змянілася…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара