У менскія вуліцы ўкладуць больш за 20 мільёнаў даляраў



Такі шырокі рамонт вуліц сталіцы звязаны найперш з Еўрапейскімі гульнямі, якія пройдуць у Менску ў чэрвені 2019 года, сказала на прэс-канферэнцыі першая намесніца гендырэктара прадпрыемства «Дзяржрамаўтадар Менгарвыканкама» Таццяна Сусекава.

– Планы ў нас грандыёзныя на наступны год. Мы плануем падрыхтавацца да Еўрапейскіх гульняў. Завяршаецца асенні агляд вуліц. У нас ёсць дастаткова вялікі пералік вуліц, на якіх хацелася б замяніць пакрыццё. Мінімум 40 мільёнаў плануецца на наступны год толькі на вуліцы, якія падлягаюць поўнай замене. Таму неабходна будзе паралельна мяняць тратуарнае пакрыццё, дзесьці рабіць веладарожкі.

Паводле Таццяны Сусекавай, на рамонт менскіх дарог сёлета было накіравана ўсяго толькі 15 мільёнаў рублёў (крыху больш за 7 з паловай мільёнаў даляраў).

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота naviny.by