У Менску адкрыўся Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва
Эканамічны крызіс у суседніх Украіне і Расеі, неабходнасць канкураваць на адзінай эканамічнай прасторы з Расеяй і Казахстанам прымусілі беларускія ўлады спрыяць развіццю сярэдняга і буйнога бізнесу. Пра гэта на адкрыцці Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва казалі як самі бізнесоўцы, так і эксперты.
Распавядае адзін з кіраўнікоў Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін:
– З развіццём бізнесу ў нас яшчэ шмат праблем. Але сёння як сам бізнес, так і наш урад бачаць гэтыя праблемы, аб іх ідзе сур’ёзная размова, бізнес хоча развівацца, яму патрэбная іншая рэсурсная база, вытворчыя пляцоўкі, знешняе фінансаванне і палепшаны клімат для развіцця бізнесу.
Адзін з піянераў беларускага прадпрымальніцтва, дырэктар бізнес-школы Інстытута прыватызацыі і менэджменту Павел Данейка кажа, што дзяржаве яшчэ трэба навучыцца працы і з замежнымі бізнесам:
– Прыватны бізнес кажа: нам не патрэбна падтрымка, нам трэба, каб не заміналі. І гэта адбылося – не замінаюць… З прыватным замежным бізнесам трэба працаваць і, на жаль, у нас не ўмеюць дзяржаўныя арганізацыі, якія абавязаны працаваць з замежным бізнесам, гэта рабіць на высокім узроўні.
Ці адчулі на сабе пазітыў з боку ўлады дробныя прадпрымальнікі, Беларускае Радыё Рацыя даведаецца 8 снежня на Форуме ІП, які ладзіць арганізацыя «Перспектыва».
Беларускае Радыё Рацыя