У Менску чацвёрты месяц запар падае прамысловая вытворчасць
У студзені—кастрычніку 2020 года прамысловая вытворчасць у Менску склала 15 млрд 485,6 млн рублёў, што на 1,7% менш, чым за аналагічны леташні перыяд, вынікае з дадзеных галоўнага статыстычнага ўпраўлення сталіцы.
Падзенне назіраецца чацвёрты месяц запар і пяты месяц з пачатку года. У студзені 2020 года да студзеня 2019-га падзенне склала 1,3%. Затым назіраўся рост прамвытворчасці: у студзені—лютым — на 1,8%, студзені—сакавіку — на 2,4%, студзені—красавіку — на 1,1%, студзені—маі — на 0,8%, студзені—чэрвені — на 0,3%. У студзені—ліпені зноў пачаўся спад, і ён склаў 0,3%, у студзені—жніўні — 0,7%, студзені—верасні — 1,4%.
Па выніках дзесяці месяцаў спад прамысловай вытворчасці адбыўся ў горназдабыўной прамысловасці на 32,4%, у апрацоўчай — на 0,3%, вытворчасці тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра — на 13,4%, вырабаў з дрэва і паперы, у паліграфічнай дзейнасці — на 0,3%, вытворчасці коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі — на 24,8%, гумовых, пластмасавых вырабаў і іншых неметалічных вырабаў — на 12,1%, вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры — на 9,3%, электраабсталявання — на 4,3%, транспартных сродкаў і абсталявання — на 1,7%, у забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам — на 7,4%.
Прырост назіраўся ў вытворчасці прадуктаў харчавання, напояў і тытунёвых вырабаў — на 5,3%, хімічных прадуктаў — на 5%, асноўных фармацэўтычных прадуктаў і прэпаратаў — на 4,6%, гатовых металічных вырабаў, акрамя машын і абсталявання, — на 12,3%, машын і абсталявання — на 4,5%, іншых гатовых вырабаў, у рамонце і мантажы машын і абсталявання — на 6,9%, у водазабеспячэнні, апрацоўцы і выдаленні адходаў, дзейнасці па ліквідацыі забруджванняў — на 0,1%.