У Менску пачалі прадаваць рэшткі ежы з рэстаранаў



У Менску з’явіўся сэрвіс «Смачнаежка», які прадае рэшткі ежы з кафэ, рэстаранаў і пякарняў з вялікімі зніжкамі – да 75%, піша The Village.

Сістэма працуе так: рэстараны, кафэ і пякарні штодня за гадзіну да часу ўтылізацыі выстаўляюць стравы або прадукты для акцыі з апісаннем і коштам. Усе прапановы з’яўляюцца ў телеграм-канале. Аплаціць ежу трэба на сайце. Пасля гэтага вы атрымаеце электронны чэк, які зможаце абмяняць на сваю замову ў рэстаране на працягу гадзіны. Дастаўкі няма і пакуль не плануецца.

Якая ежа трапляе ў сэрвіс? Стравы, якія засталіся ад сняданку ці абедзеннага меню, зблытаныя афіцыянтам заказы, дастаўка, якую не ўдалося даставіць. Варыянты будуць з’яўляцца не толькі ўвечары, але і на працягу дня.

Да сэрвісу ўжо падключыліся такія рэстараны, кафэ і пякарні, як Ayahuasca, «Вінная шафа», «Перасмешнік», Brioche Paris, «Хінкальня» і іншыя.

Фота njuz.net