У Менску пачынае працу місія МВФ



Місія Міжнароднага валютнага фонду будзе працаваць у Беларусі па 12 чэрвеня, паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве МВФ.

Эксперты фонду абмяркуюць з прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання макраэканамічную сітуацыю ў краіне і правядуць падрыхтоўчую работу напярэдадні штогадовай місіі МВФ, якая чакаецца восенню. На працягу тыдня эканамісты МВФ плануюць сустрэцца з прадстаўнікамі Нацбанка і абмеркаваць з імі манетарную палітыку ўладаў.

Акрамя гэтага, у праграме знаходжання місіі валютнага фонду ў Беларусі — сустрэчы з прадстаўнікамі Мінфіна і Міністэрства эканомікі, у ходзе якіх эксперты фонду плануюць абмеркаваць сітуацыю ў дзяржсектары. Таксама запланаваныя сустрэчы місіі МВФ з прадстаўнікамі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, а таксама з найбуйнейшымі беларускімі банкамі. На думку экспертаў, у ходзе місіі МВФ беларускія ўлады будуць абмяркоўваць змест новай крэдытнай праграмы з фондам. Нагадаем, раней урад Беларусі выказваў жаданне атрымаць ад фонду новы крэдыт на 3 млрд даляраў пад 2,28% гадавых на 10 гадоў.