У Менску падвышаецца стаўка падатку для ІП



У Менску стаўкі адзінага падатку для ІП і фізічных асоб павялічваюцца ў сярэднім на 12%. Адпаведнае рашэнне прыняў гарадскі савет. У падатковай інспекцыі па Менску адзначаюць, што дакумент прайшоў грамадскае абмеркаванне, паведамляе дзяржаўнае агенства БелТА. У тым ліку прайшла сустрэча са старшынямі саветаў прадпрымальнікаў рынкаў, гандлёвых цэнтраў і ІП, якія працуюць у сферы аказання паслуг. Іх заўвагі і прапановы былі ўлічаныя.

Па просьбе прадстаўнікоў бізнесу падвышаныя стаўкі падатку не будуць браць у тых, хто працуе ў гандлёвых цэнтрах „Падземны горад”, „Люстэрка”, „Паркінг” і „Пасаж”. У спіс аб’ектаў з паніжанай стаўкай уключаныя ГЦ „Купалаўскі” і „Шчасце”. А вось такія цэнтры, як „Галілеа” і „Скала”, трапілі ў спіс аб’ектаў з падвышанай стаўкай.

Неабходнасць падвысіць стаўку адзінага падатку чыноўнікі тлумачаць тым, што больш за 45% дзеючых у Менску ставак не адпавядаюць вызначаным у Падатковым кодэксе на 2017 год.

Апошні раз у Менску стаўкі адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб падвышаліся летась у сакавіку у сярэднім на 15%.

Фота 5min.by