У Менску праходзіць міжнародная выстава Energy Expo
Больш за 300 арганізацый і кампаній з 16 краін удзельнічаюць у міжнароднай спецыялізаванай выставе Energy Expo ў Менску, паведаміў міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч 8 кастрычніка на цырымоніі адкрыцця.
Мерапрыемства праходзіць 8—11 кастрычніка ў Футбольным манежы.
Тое, што выстава праводзіцца ў 24-ты раз, паводле слоў Каранкевіча, сведчыць аб „паспяховай сістэмнай працы па энергазберажэнні, укараненні новых тэхналогій і пацвярджае цікавасць да дасягненняў галіны”.
Ён адзначыў, што ў праграме форуму больш за 20 мерапрыемстваў рознага фармату (круглыя сталы, семінары, канферэнцыі, сустрэчы галіновых спецыялістаў). На выставе можна азнаёміцца з найноўшымі тэхналогіямі і абсталяваннем у сферы энергетыкі, энергазберажэння, экалогіі, лічбавізацыі працэсаў, а таксама ёсць магчымасць абмяняцца думкамі і вывучыць замежны вопыт.
„Пытанні энергетычнай бяспекі маюць першачарговае значэнне для любой краіны, для Беларусі — гэта энергетычная самастойнасць, дыверсіфікацыя пастаўшчыкоў розных відаў энергарэсурсаў, павышэнне эфектыўнасці іх выкарыстання, зніжэнне цяжару на навакольнае асяроддзе”, — падкрэсліў Каранкевіч.
belapan.by