У Менску пройдзе форум прадпрымальнікаў
Чарговы форум прадпрымальнікаў, арганізаваны РГА „Перспектыва”, адбудзецца 1 кастрычніка. Як паведамляецца на сайце арганізацыі, ён адкрыецца ў 12.00 у Доме Масквы ў Менску.
„Зусім нядаўна ў нас у краіне змяніўся эканамічны блок урада, які ставіць амбіцыйныя задачы па павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва і робіць гучныя заявы аб прыхільнасці і вялікай значнасці развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Таму нам усім трэба падвесці прамежкавыя вынікі і паставіць пэўныя арыенціры ўраду для вырашэння праблем у ІП, каб ужо на выніковым гадавым форуме ў снежні даць першыя ацэнкі чыноўнікам”, — адзначаюць арганізатары.
Як паведамляў раней БелаПАН старшыня „Перспектывы” Анатоль Шумчанка, правесці форум у пачатку восені было вырашана шмат у чым з-за зваротаў прадпрымальнікаў, якія паступілі з рэгіёнаў. ІП устрывожаныя тым, што ім у працы даводзіцца сутыкацца з новымі праблемамі, у той час як старыя не вырашаныя.
„Да ўсіх шматлікіх праблем дадаліся яшчэ так званыя анлайн-чэкі, якія неабходна браць ад ІП Расейскай Федэрацыі. Прадпрымальнікі не ведаюць, якой будзе адказнасць, калі не будзе гэтых анлайн-чэкаў, а таксама хто будзе адказваць, калі анлайн-чэкі ў наяўнасці прызнаюць несапраўднымі. Мы пасылалі запыты ў дзяржорганы, але выразных адказаў да гэтага часу не атрымалі. Акрамя таго, форум будзе актуальным на фоне таго, што Міністэрства па падатках і зборах вывучае розныя меркаванні аб увядзенні патэнтаў і працы па спрошчанай сістэме, пра што мы неаднаразова казалі”, — адзначыў Шумчанка.
Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY