У Менску вырасла колькасць стратных арганізацый



Паводле звестак галоўнага статыстычнага ўпраўлення Менска, колькасць стратных арганізацый сталіцы ў студзені—кастрычніку 2017 года ў параўнанні са студзенем—кастрычнікам 2016-га вырасла на 3,5% з 289 да 299, а іх удзельная вага — з 19,1 да 19,7%.

Чысты прыбытак сталічных арганізацый склаў 3 млрд 169,7 млн рублёў, што ў 1,7 разу больш, чым за аналагічны леташні перыяд. Прыбытак да падаткаабкладання склаў 3 млрд 962,2 млн (у 1,5 разу больш). Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 9,2% да 4 млрд 508 млн рублёў.

Рэнтабельнасць продажу за дзесяць месяцаў склала 9,3% супраць 9,2% у студзені—кастрычніку 2016 года, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі не змянілася — 12%.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый Менска ў наяўных цэнах склала 48 млрд 410 млн рублёў, або на 8,3% больш, чым у студзені—кастрычніку 2016 года.

Сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг за студзень—кастрычнік 2017 года павялічыўся на 9% да 37 млрд 647 млн рублёў.

Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” Яраслаў Раманчук у каментары БелаПАН адзначыў, што павелічэнне стратных сталічных прадпрыемстваў на фоне зніжэння на 14% у цэлым па краіне тлумачыцца канцэнтрацыяй прадпрыемстваў і кампаній у сталіцы. „Нашы мясцовыя ўлады могуць намаляваць тыя дадзеныя, якія хоча бачыць іх начальства, акцыянеры і знешнія крэдыторы. У сталіцы, мабыць, меншы адміністрацыйны жым на арганізацыі. У правінцыі ён мацнейшы, і ўсе імкнуцца паказаць, што ўсё нашмат лепш, чым ёсць на самой справе: давайце апранем лепшыя вопраткі і годна завершым год. За гэта начальству належыць прэмія”, — адзначыў Раманчук.

На яго думку, „усе фінансавыя і бюджэтныя паказчыкі робяцца на вока”. „Таму чыноўнікі навучыліся хаваць праўду”, — лічыць эксперт.

Пры гэтым ён заўважыў, што і доля стратных прадпрыемстваў у 20—25% — гэта не ўся праўда. „У развітых эканоміках могуць назірацца страты, калі прадпрыемствы трапляюць у цыклавы крызіс ці рэцэсію і паказваюць адмоўныя вынікі год-два. Таму там могуць быць стратнымі 20—25% прадпрыемстваў. Але ўключаецца інстытут банкруцтва і адбываецца ачышчэнне, ліквідацыя гэтых завалаў. Людзі выходзяць на ўзровень стратнасці ў 5—10%”, — растлумачыў эканаміст.

Ён адзначыў, што калі прамысловыя дзяржпрадпрыемствы будуць працаваць без дзяржпадтрымкі, то доля стратных можа ўзрасці да 50%. „Сёння будаўнічыя арганізацыі ў прастрацыі, гандаль, транспартныя — у вельмі дрэнным фінансавым становішчы. Мы нешта падцягнулі, але гэта, як замесці смецце пад ложак. Нічога толкам у эканоміцы і фінансах прадпрыемстваў не выправілі”, — падсумаваў Раманчук.

БелаПАН