У Мінэканомікі не бачаць неабходнасці абмяркоўваць праблемы ІП на ўзроўні ўрада



Сітуацыя ў прадпрымальніцкім асяродзі цяпер стабільная, таму неабходнасці сустрэчы для абмеркавання праблем ІП на ўзроўні ўрада няма. Такая сутнасць адказу Міністэрства эканомікі на зварот РГА „Перспектыва”, які апублікаваны на сайце perspektyva.org.

З просьбай тэрмінова арганізаваць сустрэчу для выпрацоўкі плана па выратаванні індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) у рознічным гандлёвым сектары грамадскае аб`яднанне „Перспектыва” звярнулася ў Савет міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта ў канцы студзеня.

Як адзначалася ў звароце, дзеянне ўказа прэзідэнта № 222 „Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі” ад 16 мая 2014 года прывяла да таго, што бюджэт штогод недаатрымлівае каля 100 млн долараў, краіна пазбавілася больш чым 26 тысяч ІП і іх працоўных месцаў.

Аўтары звароту прыводзілі даныя Белстата, паводле якіх з 2011 па 2016 гады колькасць ІП у рознічным гандлі ў Беларусі зменшылася на 26.235 чалавек (або на 26,7%). Выручка ІП з 2014 па 2016 год знізілася на 35,4%.

Паказальная статыстыка плацяжоў, якія паступілі ў бюджэт ад дзейнасці ІП, у перыяд іх працы да і пасля ўказа № 222. Калі ў 2013 годзе (калі ІП плацілі адзіны падатак і фіксаваны ПДК з павышальным каэфіцыентам) сумы іх плацяжоў у бюджэт дасягнулі найвышэйшага пункту (163 млн 112 тыс. 500 долараў), то ў 2016-м — 66 млн 553 тыс. 300 долараў. „Гэта значыць адбылося зніжэнне на 96 млн 559 тыс. 200 долараў, якіх сёння так не хапае для развіцця краіны і бюджэту”, — гаварылася ў звароце „Перспектывы”.

Ліст у адказ атрыманы на днях за подпісам намесніка міністра эканомікі Дзмітрыя Матусевіча. У ім адзначаецца, што дзяржавай праведзеная „значная работа па спрашчэнні і стварэнні роўных умоў вядзення бізнесу для ўсіх суб`ектаў гаспадарання.” Штогод рэгіструецца больш за 30.000 новых ІП, якія маюць намер працаваць у сферах IT, вытворчасці, турызму, гасцінічнага бізнесу, грамадскага харчавання„, — гаворыцца ў лісце.

Разам з тым частка ІП неканкурэнтаздольная і спыняе сваю дзейнасць або пераарыентуецца ў іншыя сферы эканомікі. „Гэтыя працэсы з`яўляюцца натуральнымі і не робяць істотнага ўплыву на колькасць гэтай катэгорыі плацельшчыкаў„, — піша намеснік міністра.

Сітуацыя ў прадпрымальніцкім асяроддзі цяпер досыць стабільная і знаходзіцца на пастаянным кантролі ў Мінэканомікі і мясцовых органах улады, сцвярджае чыноўнік. У пацвярджэнне гэтаму ў лісце прыводзяцца графікі і статыстычныя табліцы.

Што тычыцца прапаноў „Перспектывы” аб спрашчэнні ўмоў працы ІП, то вяртанне да раней дзейных умоў гандлю (без першасных уліковых дакументаў, сертыфікатаў адпаведнасці на тавар, выплаты ўвазнога ПДК) ва ўрадзе не падтрымліваюць. Стварэнне такіх умоў, гаворыцца ў лісце, будзе спрыяць росту кантрафактнай прадукцыі, абмежаванню збыту тавараў беларускіх вытворцаў і няроўных умоў вядзення бізнесу.

Такім чынам, неабходнасць у правядзенні сустрэчы з РГА „Перспектыва” на ўзроўні ўрада ў цяперашні час адсутнічае, рэзюмуе намеснік міністра эканомікі.

Як раней паведамляў БелаПАН, 30 сакавіка старшыня „Перспектывы” Анатоль Шумчанка пабываў на асабістым прыёме ў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай, якой распавёў пра імклівае скарачэнне колькасці ІП у рознічным гандлі, уплыў гэтай тэндэнцыі на бюджэт краіны. Качанава прапанавала, улічваючы маштаб і складанасць тэмы, падрабязна абмеркаваць праблемы прадпрымальніцкай супольнасці на пашыранай сустрэчы з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта. Правесці такую сустрэчу планавалася ў першых чыслах красавіка, аднак яна так і не адбылася.

БелаПАН