У Мінэканомікі распавялі, што чакае ІП
У Міністэрстве эканомікі распавялі, што чакае індывідуальных прадпрымальнікаў. Напярэдадні прайшла нарада чальцоў „кансультацыйнага савета па актуальных пытаннях працы ІП”. Па яе выніках было прапанавана знізіць штрафы ІП за парушэнне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў і тэхнічных рэгламентаў. Праект зменаў ужо накіраваны на ўзгадненне з зацікаўленымі ведамствамі. Таксама стала вядома, што ІП, якія дагэтуль ня маюць плацёжных тэрміналаў, але заключылі дамову на іх устаноўку да 1-га студзеня, будуць вызваляцца ад адказнасці.
Нагадаем, што з 1-га студзеня многія дробныя гандляры у Беларусі не працуюць, бо тавары лёгкай прамысловасці яны павінны прадаваць з сертыфікатамі Мытнага саюза. Грамадскае аб’яднанне „Перспектыва” заяўляе, што большасць прадпрымальнікаў прыпыніла працу. Чыноўнікі ж сцвярджаюць, што насамрэч іх мала — каля дзясяці працэнтаў.
Днямі пра праблему прадпрымальнікаў выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Ён сказаў, што з 1-га студзеня для ІП „скончыліся мядовыя гады”. Сертыфікацыя прадукцыі — гэта першы крок – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Беларускае Радыё Рацыя