У Мінэнерга растлумачылі прычыны частага адключэння першага блока БелАЭС



Першы энергаблок Беларускай АЭС 10 сакавіка ў чарговы раз планава адключылі ад сеткі. Міністэрства энергетыкі ў сваім тэлеграм-канале апублікавала тлумачэнне прычын частага ўключэння і адключэння блока.

Так, у Мінэнерга нагадалі, што першы блок станцыі знаходзіцца на этапе доследна-прамысловай эксплуатацыі, які прадугледжвае паслядоўнае засваенне магутнасці рэактарнай устаноўкі (75—90—100% ад намінальнай магутнасці) з правядзеннем выпрабаванняў, „уключаючы рэжым з адключэннем ад сеткі і планавым спыненнем блока”.

„Гэта неабходна для таго, каб старанна пратэставаць усе сістэмы і абсталяванне і пацвердзіць праектныя паказчыкі іх надзейнасці і бяспекі, — гаворыцца ў паведамленні. — Спецыялісты даследуюць нейтронна-фізічныя характарыстыкі актыўнай зоны рэактара, паводзіны рэактарнай устаноўкі ў розных сцэнарных умовах, выконваюць комплексныя выпрабаванні сістэм унутрырэактарнага кантролю, апрабуюць рэжым поўнага абясточвання блока, праводзяць і іншыя важныя даследаванні”.

У Мінэнерга падкрэслілі, што этап доследна-прамысловай эксплуатацыі „займае пэўны перыяд”. У энергетычным ведамстве звярнулі ўвагу на тое, што на першым блоку „285 тысяч адзінак рознага абсталявання і тэхнічных вузлоў”, і пасля асобных выпрабаванняў патрабуюцца „тэхналагічныя перапынкі для правядзення агляду і ацэнкі эфектыўнасці функцыянавання сістэм, іх карэкціроўкі пры неабходнасці”.

„Гэтая работа выконваецца паэтапна, у тым ліку з адключэннем энергаблока, — растлумачылі ў міністэрстве. — Так робяць і ў іншых краінах, дзе будуюцца АЭС. Спецыялісты павінны цалкам пераканацца ў тым, што абсалютна ўсе сістэмы і абсталяванне будуць працаваць у адпаведнасці з праектам. Безумоўна, па выніках пусканаладачных работ па асобных элементах сістэм і абсталявання патрабуецца дадатковая наладка. Для гэтага тэставанне і праводзіцца. Усё павінна працаваць дакладна і надзейна, забяспечваючы поўную бяспеку блока”.

„Дарэчы, з 394 запланаваных выпрабаванняў этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі на першым энергаблоку станцыі паспяхова завершаны 259. Як відаць, працы ў спецыялістаў яшчэ нямала, у тым ліку ў рэжыме адключэння ад сеткі. Колькасць планавых прыпынкаў блока прывязаная да рэалізацыі праграм выпрабаванняў. Такі падыход адпавядае міжнароднай практыцы”, — запэўнілі ў Мінэнерга.

У папярэдні раз блок адключалі 20 лютага — для правядзення „рэгламентных работ, прадугледжаных этапам доследна-прамысловай эксплуатацыі”. У сетку яго паўторна ўключылі 8 сакавіка, пасля чаго пачалося павышэнне магутнасці рэактарнай устаноўкі.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) пераважна за кошт крэдыту Расеі па расейскім праекце ВВЭР-1200 (першы блок гатовы на 99%, другі — на 78%). Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам збудавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у структуру дзяржкарпарацыі „Расатам”.

Выпрацоўка электраэнергіі на першым блоку БелАЭС пачалася 3 лістапада мінулага года. 13 студзеня 2021 года блок вывелі на 100-працэнтную магутнасць. Зараз працягваецца перыяд яго доследна-прамысловай эксплуатацыі. Першы блок плануецца ўвесці ў камерцыйную эксплуатацыю вясной 2021 года, другі — у першай палове 2022 года.

БелаПАН