У міністэрстве гандлю прыдумалі новы механізм стрымлівання цэн
У міністэрстве гандлю прыдумалі новы механізм стрымлівання цэн — некаторым катэгорыям будуць даваць зніжкі на сацыяльна важныя тавары
Пра гэта ў эфіры БТ заявіў новы міністр Аляксей Багданаў. На думку міністра, новы механізм дазволіць адмяніць ранейшую пастанову ўрада, якой рэгуляваліся цэны на сацыяльна значныя тавары. Нагадаем, што яна была ўведзеная ў лютым, а ў снежні спіс тавараў быў значна скарочаны.
Багданаў распавёў, што МАРГ вядзе перамовы з гандлёвымі сеткамі, каб тыя давалі зніжкі асобным катэгорыям грамадзян на сацыяльна значныя тавары.
— Гэтым механізмам мы пастараемся стрымаць інфляцыйныя працэсы і забяспечыць не самыя багатыя пласты насельніцтва добрымі якаснымі таварамі. Плануецца, што механізм запрацуе прыкладна ў сярэдзіне студзеня, — сказаў Багданаў.