У НАН заявілі аб працы над спартовым электракарам
Беларускія вучоныя стварылі ўзор электрамабіля. Пра гэта заявіў кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў у эфіры тэлеканала «Беларусь-1». Пры гэтым тэрміны запуску серыйнай вытворчасці залежаць ад інвестыцый, удакладніў акадэмік. Арыенціровачны кошт беларускага электрамабіля будзе ў раёне 20 тысяч даляраў.
Уладзімір Гусакоў прадэманстраваў макет аўтамабіля, які навукоўцы ствараюць разам з МАЗ.
– У нас ёсць уласны беларускі электрамабіль. І ўзор, і адпрацаваны ўзор, правераны на практыцы. І некалькі мадэляў. І мінівэн, і легкавы аўтамабіль. Зараз дапрацоўваецца спартовы аўтамабіль, гоначны. Далей невялікі грузавы аўтамабіль, – заявіў Уладзімір Гусакоў.
Паводле яго слоў, навукоўцы з НАН працуюць з буйнымі айчыннымі прадпрыемствамі над стварэннем электрамабіляў, у тым ліку з МАЗ, БелАЗ, МТЗ.
Пры гэтым тэрміны запуску серыйнай вытворчасці залежаць ад інвестыцый, удакладніў акадэмік. Паводле яго слоў, кошт аўтамабіля будзе «хоць бы тысяч 20 даляраў».
– Можна было б і танней, але вельмі дарагі электранакапляльнік, – сказаў Уладзімір Гусакоў. Ён удакладніў, што кошт гэтага элемента складае прыкладна палову ад цэнніка за ўсё аўто.