У 2018 годзе НАН плануе прадставіць цалкам беларускі электрамабіль



Нацыянальная акадэмія навук (НАН) Беларусі плануе прадставіць у 2018 годзе абноўленую версію беларускага электрамабіля, паведаміў на прэс-канферэнцыі 5 снежня ў Менску старшыня прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў.

Ён нагадаў, што сёлета акадэмія навук прадставіла эксперыментальны ўзор беларускага электракара, створанага спецыялістамі Аб’яднанага інстытута машынабудавання на базе легкавога аўтамабіля Geely SC7.

„Але гэта быў толькі макет, — падкрэсліў Гусакоў. — Мы ўзялі аўтамабіль у „БелДжы” і да яго адаптавалі свае распрацоўкі. Зараз жа мы ставім задачу, каб і кузаў, і ўсё іншае былі беларускімі. Каб не прыстасоўваць свае распрацоўкі да існуючай формы, а каб гэта быў цалкам ад пачатку і да канца беларускі электрамабіль — і дызайн, і кузаў, і сістэма кіравання, і размяшчэнне назапашвальніка энергіі, і ўсё іншае”.

„Мы зараз актыўна працуем з замежнымі кампаніямі, вывучаем вопыт, наладжваем кааперацыю. <…> Мы стараемся аператыўна працаваць. Кіраўнік дзяржавы паставіў нам тэрміны, сказаў, што хацеў бы бачыць распрацоўку ўжо ў наступным годзе. Не хачу называць канкрэтную дату, але мы пастараемся выканаць даручэнне”, — дадаў кіраўнік НАН.

Гусакоў таксама паведаміў, што да канца гэтага года НАН мае намер правесці выпрабаванне і дэманстрацыю ўласнага суперкандэнсатара — назапашвальніка энергіі для электрамабіля.

31 жніўня на нарадзе па развіцці беларускага аўтамабілебудавання Аляксандр Лукашэнка распавёў аб тым, як ён пратэставаў амерыканскі электрамабіль Tesla, і даручыў айчынным распрацоўшчыкам выкарыстоўваць яго ў якасці ўзору, да якога неабходна імкнуцца.

Лукашэнка адзначыў, што падрабязна азнаёміўся з эксперыментальным узорам беларускага электракара, створанага спецыялістамі Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук на базе легкавога аўтамабіля Geely SC7. „Я з ім уважліва азнаёміўся, паглядзеў усе вашыя дэталі. Не ведаю, наколькі высокі ўзровень рухавіка, які вы стварылі, хадавая частка і гэтак далей, але выглядае вонкава прыстойна”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым ён падкрэсліў, што „да ўзроўню Tesla яшчэ далёка” і неабходная „далейшая тэхнічная праца ў гэтым кірунку”.

У канцы верасня Гусакоў паведаміў журналістам, што арганізацыі галоўнага навуковага ведамства краіны паралельна з дапрацоўкай беларускага электрамабіля ў цэлым займаюцца стварэннем айчыннага суперкандэнсатара — назапашвальніка энергіі, каб „на адным зарадзе [электрамабіль] мог праязджаць не 100—150 кіламетраў, а тысячу”.

belapan.by