У Nord Stream AG ацанілі пашкоджанні газаправодаў „Паўночны паток” і „Паўночны паток 2”
Аператар „Паўночнага патоку” кампанія Nord Stream AG ацаніла пашкоджанні газаправода. Яны маюць беспрэцэдэнтны характар.
«Разбурэнні, якія адбыліся ў адзін дзень адначасова на трох нітках марскіх газаправодаў сістэмы «Паўночны паток», носяць беспрэцэдэнтны характар. Тэрміны аднаўлення працаздольнасці газатранспартнай інфраструктуры пакуль ацаніць немагчыма», – цытуе прадстаўніка кампаніі ТАСС.
У панядзелак і аўторак Данія і Швецыя заявілі, што зафіксавалі ўцечку газу з расейскіх газаправодаў, пракладзеных па дне Балтыйскага мора. Яны адбыліся паблізу вострава Борнхальм.
У Крамлі занепакоеныя аварыямі на газаправодах „Паўночны паток”. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.
«Цяпер нельга выключаць ніводнага варыянту. Відавочна, што ёсць нейкае разбурэнне трубы, а што стала прычынай, да таго, як з’явяцца вынікі даследаванняў, выключаць хоць нейкі варыянт нельга», – сказаў ён у адказ на пытанне аб магчымай дыверсіі, перадае ТАСС.
Па словах Пяскова, сітуацыя з’яўляецца беспрэцэдэнтнай. Яна патрабуе тэрміновага разбору.
Данія і Швецыя заявілі аб наяўнасці ўцечак з газаправодаў „Паўночны паток” і „Паўночны паток 2”. Яны знойдзены ў раёне вострава Борнхольм. Па звестках Шведскай марской адміністрацыі, газаправоды пашкоджаны ў трох месцах.
Абодва газаправоды не эксплуатуюцца. Праект „Паўночнага патоку 2” спынены неўзабаве пасля нападу РФ на Украіну. Аднак незадоўга да гэтага адну нітку газаправода паспелі запоўніць газам. „Паўночны паток” таксама прастойвае. Спачатку „Газпром” знізіў пакачку па ім з-за немагчымасці атрымаць газавую турбіну пасля рамонту ў Канадзе, а затым і зусім спыніў падачу паліва, калі ў пачатку верасня была выяўлена няспраўнасць у апошняй працуючай турбіне. Пры гэтым у Германіі, дзе цяпер знаходзіцца „канадская” турбіна, лічаць, што нішто не перашкаджае „Газпрому” забраць яе.