У новым годзе большасць ІП не зможа працаваць



З 22 ліпеня гандлёвая інспекцыя Міністэрства гандлю Беларусі пачынае масавыя праверкі рынкаў і гандлёвых цэнтраў. Старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка распавядае, як гэта адаб’ецца на працы прадпрымальнікаў і што ІП-эшнікі збіраюцца рабіць пасля 1 сакавіка 2015 года.

З 22 ліпеня ўступае ў сілу закон «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь», які накіраваны на ўпарадкаванне адносін у сферы гандлю і грамадскага харчавання. «Згодна з дакументам, уласнікі гандлёвых цэнтраў і рынкаў павінны будуць прымаць меры па выкананні прадаўцамі, якія працуюць на іх тэрыторыі, заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў і іншых нарматыўных прававых актаў Беларусі», – паведаміў журналістам першы намеснік міністра гандлю Артур Карповіч.

Анатоль Шумчанка: Думаю, праверкі будуць больш тычыцца ўласнікаў рынкаў і гандлёвых цэнтраў. Правераць, як яны падрыхтаваны да новага закона. Па вялікім рахунку, Мінгандлю нешта прад’явіць прадпрымальнікам сёння не можа. Апошнія апісваюць тавар, падаюць звесткі ў падаткавую інспекцыю і не павінны пакуль мець суправаджальныя дакументы на стары тавар. Але варта адзначыць, што новы дакумент «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь» уносіць шэраг зменаў. У прыватнасці, інспекцыя Мінгандлю зараз можа складаць прадпісанне на любы гандлёвы аб’ект, які належыць ІП-эшніку. І калі няма сертыфікацыі, дакументаў на тавар ці знойдуць іншыя парушэнні, то могуць прыпыніць дзейнасць аб’екта. Як я зразумеў – на нявызначаны тэрмін. Раней такога не было.

РР: Пакуль прадпрымальнікі прадаюць без дакументаў рэшткі прадукцыі?

Анатоль Шумчанка: Так, да канца месяца ІП-эшнікі яшчэ апісваюць тавар. Некаторыя стараюцца знайсці частковыя дакументы на прадукцыю, хтосьці пайшоў у адпачынак. Адзінае, што можна канстатаваць – ёсць тэндэнцыя да скарачэння гандлёвых месцаў, і яна будзе толькі ўзмацняцца.

РР: Пасля 1 сакавіка 2015 года прадстаўнікі малога бізнесу не змогуць працаваць без сертыфікатаў. Ваш прагноз: ці знойдуць выйсце з гэтага становішча?

Анатоль Шумчанка: Як мне падаецца, пасля 1 сакавіка прадпрымальнікі не змогуць працаваць па новых законах, не парушаючы іх. Таму, калі да гэтага тэрміну мы разам з уладамі не зможам адкарэкціраваць гэтыя законы, то нас чакае калапс і спыненне працы большасці гандляроў. Мець усе дакументы на ўвесь тавар змогуць толькі 2-3 працэнты прадпрымальнікаў краіны. Улада яшчэ мае час да 1 сакавіка правесці маніторынг сітуацыі. І яны ўбачаць, што ў іх атрымаецца на практыцы. Паверце, карціна будзе сумная.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара