У пачатку снежня з ААТ „Гродна Азот” з’ехалі штрэйкбрэхеры
Прадстаўнікі іншых прадпрыемстваў канцэрна „Белнафтахім” знаходзіліся ў Гародні з пачатку лістапада, яны замянялі мясцовых работнікаў, якія пайшлі ў страйк. Дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што спачатку для забеспячэння бесперапыннага хімічнага працэсу на „Гродна Азот” былі накіраваныя 40 работнікаў наваполацкага „Нафтана”, Гомельскага хімічнага завода і прадпрыемства „Магілёўхімвалакно”.
Як паведаміў БелаПАН лідар страйкама „Гродна Азоту” Юрый Рававой, 5 снежня штрэйкбрэхераў на прадпрыемстве ўжо не было. „Яны там і зусім не былі патрэбныя, — заўважыў ён. — Штрэйкбрэхераў узялі, каб запалохаць людзей, што ім знойдуць замену, і каб адрапартаваць наверх аб прынятых мерах. А тут сітуацыя „супакоілася”, і яны вярнуліся дадому”.
Паводле слоў Рававога, штрэйкбрэхераў не дапускалі да сур’ёзных работ — яны прысутнічалі на заводзе хутчэй для выгляду.
Да страйку адкрыта далучылася 34 работнікі „Гродна Азоту”, некаторыя пайшлі з прадпрыемства паводле ўласнага жадання або іх звольнілі за прагулы (без адкрытага сыходу ў страйк). Сярод тых, каго пазбавілася прадпрыемства, — начальнік змены з вялікім вопытам працы, намеснік начальніка цэха па эксплуатацыі тэхналагічнага абсталявання, чатыры аператары дыстанцыйнага пульта кіравання, адзін апаратчык водападрыхтоўкі, апаратчык склада вадкага аміяку (цэх „Аміяк-3”), апаратчык вырабу карбаміду, начальнік змены (цэх „Карбамід-4”), электрагазазваршчык з вялікім вопытам працы і іншыя спрактыкаваныя работнікі.
Паводле слоў лідара страйкама „Гродна Азоту”, па-ранейшаму застаецца вялікі недахоп тэхналагічнага персаналу, асабліва ў цэхах „Карбамід-2”, „Карбамід-4” і „Аміяк-3”. Кіраўніцтва завода працягвае шукаць былых работнікаў прадпрыемства, якія пагадзіліся б выйсці на працу.