У Пекіне зацвердзяць праграму беларуска-кітайскага супрацоўніцтва да 2020 года



Праграму беларуска-кітайскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва да 2020 года плануецца зацвердзіць у Пекіне 4—5 верасня, паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.

Дакумент плануецца падпісаць паводле вынікаў другога пасяджэння камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве. Беларускую частку камісіі ўзначаліць старшыня ДКНТ Аляксандр Шумілін, кітайскую — міністр навукі і тэхналогій Ван Чжыган.

Парадак дня будзе ўключаць восем пытанняў, у тым ліку аб развіцці навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сфер Беларусі і Кітая і выкананні сумесных навукова-тэхнічных і інавацыйных праектаў на найбліжэйшую перспектыву.

Акрамя таго, бакі плануюць абмеркаваць перспектывы правядзення сумесных навукова-тэхнічных мерапрыемстваў і вынікі конкурсу сумесных беларуска-кітайскіх навукова-тэхнічных праектаў на 2019—2020 гады.

belapan.by