У першай палове 2017 г. каля 25 тыс. беларусаў атрымалі дазвол на працу ў Польшчы
Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі 14 лістапада ў Менску намеснік генеральнага дырэктара Дзяржаўнага цэнтра падтрымкі сельскай гаспадаркі Польшчы Лукаш Халубоўскі.
Ён адзначыў станоўчую дынаміку па прыцягненні беларусаў для працы ў Польшчу: за ўвесь 2016 год было выдадзена 23 тыс. дазволаў. Халубоўскі заявіў, што ў асноўным рабочая сіла наймаецца для работы ў сельскай гаспадарцы або на перапрацоўчых прадпрыемствах.
„Польскім інвестарам значна лягчэй прымаць рашэнне аб інвестыцыях у Беларусь, калі ў іх ужо ёсць навучаныя, давераныя работнікі з вопытам, якім можна даручыць сумесную справу”, — адзначыў намеснік гендырэктара цэнтра.
Паводле яго слоў, сёння ў Менску на сустрэчы польскай дэлегацыі, якая ўдзельнічае ў працы міжнароднай выставы „Прадэкспа-2017”, з прадстаўнікамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі было разгледжана пытанне аб выдзяленні стыпендый беларускім спецыялістам для навучання і працоўнай практыкі ў Польшчы.
„Польскія фірмы гатовыя супрацоўнічаць з Беларуссю не толькі па тавараабмене, але і ў плане кааперацыі. Для гэтага няма ніякіх перашкод, мы даўнія суседзі і маем даўнюю гісторыю паспяховага супрацоўніцтва”, — адзначыў Халубоўскі.
belapan.by