У першым квартале 2021 за рысай беднасці знаходзілася 4,2% жыхароў Беларусі



У першым квартале 2021 года доля насельніцтва Беларусі з узроўнем сярэднедушавых наяўных рэсурсаў ніжэйшым за бюджэт пражытачнага мінімуму склала 4,2% (у 2020-м — 4,8%), сведчаць дадзеныя Белстата.

Паводле дадзеных статыстыкі, у Беларусі пражывае 9 млн 349,6 тыс. чалавек, такім чынам, за рысай беднасці знаходзіцца 392,7 тыс.

За апошнія 20 гадоў максімальны ўзровень беднасці прыпаў на 2000 год — 41,9%, мінімальны — на 2014-ты (4,8%), а таксама 2020 год.

Менш за 250 рублёў сярэднедушавых наяўных рэсурсаў за месяц у першым квартале 2021 года мелі 2,3% насельніцтва, ад 250,1 да 300 — 3,3%, ад 300,1 да 350 — 5,1%, ад 350,1 да 400 — 7,7%, ад 400,1 да 500 — 15,8%, ад 500,1 да 600 — 17,1%, ад 600,1 да 700 — 13,8%, ад 700,1 да 800 — 9,3%, ад 800,1 да 900 — 7,2%, ад 900,1 да 1.000 — 5,4%, ад 1.000 да 1.100 — 3,9%, ад 1.100,1 да 1.200 — 2,4%, 1.200,1 да 1.300 — 1,4%, ад 1.300,1 да 1.400 — 1,1%, ад 1.400,1 да 1.500 — 1%, больш за 1.500 — 3,2%.

Наяўныя рэсурсы меншыя за 250 рублёў большай часткай прыпалі на Магілёўскую вобласць — 4%, найменшая доля ў Мінска — 0,9%. Мінімальная доля наяўных рэсурсаў у памеры большым за 1.050 рублёў таксама ў Магілёўскай вобласці — 1,2%, максімум у Мінску — 7,2%.

З 1 лютага па 30 красавіка 2021 года бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ўстаноўлены ў 262 рублі 87 капеек.

У структуры спажывецкіх расходаў хатніх гаспадарак доля выдаткаў склала: харчаванне — 39,6% (у першым квартале 2020 года — 36,4%); алкагольныя напоі і тытунёвыя вырабы — 2,7% (2,8%); адзенне, абутак — 5,5% (5,9%), прадметы хатняга ўжытку, бытавой тэхнікі — 6% (6,5%); жыллё — 11,4% (10,7%), у тым ліку ЖКП — 7,2% (8,4%), ахова здароўя — 6,4% (6,1%), адукацыя — 1,7% (2,1%), транспарт — 8% (9,5%), у тым ліку паслугі грамадскага транспарту — 1,9% (2,3%), сувязі — 7,7% (6,5%), культура, адпачынак і спорт — 3% (2,9%), гасцініцы, кафэ, рэстараны — 2,5% (2,9%), у тым ліку грамадскае харчаванне — 2,3% (2,8%), іншыя тавары і паслугі — 5,5% (5,7%).

У першым квартале 2021 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года павялічылася спажыванне: бульбы — з 4,8 да 5 кг у разліку на члена хатняй гаспадаркі за месяц; хлеба і хлебапрадуктаў — з 6,7 да 7,3 кг; рыбы і рыбапрадуктаў — з 1,2 да 1,3 кг; садавіны і ягад — з 6,3 да 7 кг за месяц; гародніны і бахчавых — з 6,5 да 7 кг; алею, маргарыну і іншых тлушчаў — з 0,9 да 1 кг; малака і малочных прадуктаў — з 21,9 да 26,9 кг; мяса і мясных прадуктаў — з 6,4 да 7,3 кг; цукру і кандытарскіх вырабаў — з 2,3 да 2,4 кг; яек — з 18 да 21 за месяц.

belapan.by