У першым паўгоддзі спынілі дзейнасць амаль 13 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў



У першай палове 2021 года ў Беларусі было зарэгістравана 4.688 юрыдычных асоб і 17.032 індывідуальных прадпрымальнікі. Ліквідавана 4.383 юрыдычныя асобы, спыніў дзейнасць 12.861 індывідуальны прадпрымальнік, вынікае з афіцыйнай статыстыкі.

Паводле звестак Белстата, на 1 ліпеня ў краіне працавала 142,7 тыс. юрыдычных асоб і 274,3 тыс. ІП. Колькасць юрыдычных асоб у параўнанні з такой жа леташняй датай зменшылася на 0,4%, ІП — павялічылася на 3,2%. З пачатку 2021 года колькасць юрыдычных асоб знізілася на 0,4%, ІП — вырасла на 1,3%.

Найбольшая колькасць юрыдычных асоб знаходзілася ў Менску — 51.979 (за 12 месяцаў іх колькасць знізілася на 0,3%; з пачатку года — на 0,4%). У Менскай вобласці іх было 25.790 (-0,4%; -0,5%), у Берасцейскай — 14.586 (-0,2%; +0,05%), Гомельскай — 13.917 (-0,5%; -0,1%), Віцебскай — 13.080 (-0,4%; -0,5%), Магілёўскай — 11.841 (-1%; -0,8%), Гарадзенскай — 11.486 (-0,4%; -0,4%).

Найбольшая колькасць ІП таксама працавала ў сталіцы — 83.506 (за год іх колькасць павялічылася на 2,5%; з пачатку года — на 0,5%). У Менскай вобласці налічвалася 45.847 ІП (+4,6%; +1,9%), у Берасцейскай — 36.198 (+2,9%; +1,3%), Гомельскай — 30.526 (+3,3%; +1,3%), Гарадзенскай — 28.240 (+4,7%; +2,7%), Магілёўскай — 26.094 (+2,4%; +0,4%), Віцебскай — 23.911 (+2,9%; +1,5%).

Удзельная вага арганізацый дзяржаўнай і з доляй дзяржавы формаў уласнасці склала 12,3% агульнай колькасці дзейных арганізацый і ў параўнанні з паказчыкам гадавой даўніны зменшылася на 0,1 працэнтнага пункта.

З 142,7 тыс. арганізацый у сферы вытворчасці працавалі 31,7 тыс. (22,2% агульнай колькасці), у сферы паслуг — 111 тыс. (77,8%).

У 2020 годзе было зарэгістравана 9.222 юрыдычныя асобы і 30.936 індывідуальных прадпрымальнікаў. Ліквідавана 9.052 юрыдычныя асобы, спынілі дзейнасць 24.315 ІП.

Як раней адзначыў у каментары для БелаПАН старшыня РГА „Перспектыва” Анатоль Шумчанка, перад прадпрымальнікамі ў сферы раздробнага гандлю стаяць два надзённыя пытанні: абмежаванне разлікаў наяўнай замежнай валютай пры імпарце тавараў і выкарыстанне касавага абсталявання.

Паводле слоў Шумчанкі, рашэннем Нацбанка і Саўміна ІП з 9 ліпеня пазбавіліся права выкарыстоўваць наяўную замежную валюту для разлікаў за межамі краіны па здзелках, якія прадугледжваюць імпарт тавараў на суму, што не перавышае 100 базавых велічынь (2.900 рублёў). Нацбанк у адказе „Перспектыве” заявіў, што не будзе адмяняць ці пераносіць увод у дзеянне свайго рашэння. На думку Шумчанкі, адказ Нацбанка сведчыць пра тое, што там не разбіраюцца ў спецыфіцы працы прадпрымальнікаў, якія набываюць за мяжой тавар. Паводле ацэнак „Перспектывы”, прынятае рашэнне прывядзе да таго, што 99% ІП у гандлі не змогуць працаваць па безнаяўным разліку па здзелках, якія прадугледжваюць імпарт тавараў.

„Гэта вельмі памылковае рашэнне. Для большасці ўсё павернецца катастрофай у бізнесе і яго закрыццём. Праўда, у канцы ліста Нацбанка ёсць заўвага, што пытанні рэгулявання прадпрымальніцтва знаходзяцца ў падпарадкаванні Мінэканомікі. Застаецца спадзявацца, што ў гэтым ведамстве яшчэ ёсць разуменне праблемы на ўзроўні кіраўніцтва і цвярозы розум пераможа, таму што сёння не да часу і месца такія новаўвядзенні”, — адзначыў старшыня аб’яднання.

belapan.by