У Пінску не чакаюць павелічэння рабочых месцаў на дзяржаўных прадпрыемствах
У сталіцы Палесся – Пінску бліжэйшыя пяць год не будзе павелічэння новых рабочых месцаў на дзяржаўных прадпрыемствах, заявіў старшыня гарвыканкама Андрэй Мулярчык. У сувязі з гэтым, кіраўнік горада над Пінай, мае намер спрыяць развіццю мясцовага прадпрымальніцтва.
Паводле ягоных слоў, чакаць уздыму ад дзяржаўных устаноў не прыходзіцца, таму трэба прыцягваць інвестараў і прыватную ініцыятыву. У сістэмны працэс неабходна ўключыць бізнэс, тых прадпрымальнікаў, якія маюць устойлівы капітал. З боку гарадской улады будуць зробленыя ўсе неабходныя ўмовы.
Па стане на 1 чэрвеня ў Пінску працавала 720 суб’ектаў малога бізнэсу, 16 суб’ектаў сярэдняга і больш 4000 індывідуальных прадпрымальнікаў. Іх вытворчасць ў агульным аб’ёме прамысловасці горада складае 5%, а ў агульнай выручцы ад рэалізацыі тавараў, прац і паслуг – звыш 25%. Дзякуючы бізнэсоўцам, за першае паўгоддзе ў горадзе над Пінаю створана 730 новых працоўных месцаў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя