У Пінску спынілі працу амаль усе прадпрымальнікі рынку „Цэнтральны”
У Пінску 29 студзеня каля 12 гадзін дня амаль 600 прадпрымальнікаў на рынку „Цэнтральны” па вуліцы Ленінградская зачынілі свае працоўныя месцы і спынілі працу. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня РГА „Перспектыва” Анатоль Шумчанка.
Паводле яго слоў, гэта адбылося з-за з’яўлення правяраючых з Дзяржстандарту. „Пры першай жа праверцы пачалі патрабаваць дакументы па выкананні новых нормаў заканадаўства. Раней пры маніторынгу такога не было. У ІП дакументы ёсць, але правяральшчыкі пыталіся ўжо нешта іншае. Прадпрымальнікі напалоханыя і не разумеюць, што ад іх хочуць, таму што раней былі іншыя патрабаванні, а цяпер, паводле іх слоў, зусім іншыя”, — адзначыў Шумчанка.
На яго думку, у Пінску „адбылася такая форма стыхійнага пратэсту”. „Прадпрымальнікі не хочуць трапляць пад высокія штрафы, таму і зачыніліся. Заўтра паглядзім, што далей будзе”, — растлумачыў кіраўнік аб’яднання.
Як заявіў Шумчанка, „усё гэта следства, а пра прычыны мы даўно кажам”. „На жаль, ніякіх зменаў не ўнеслі ні ў Падатковы кодэкс, ні ў іншыя нарматыўныя акты для стварэння прымальных умоў працы ІП у рознічным гандлі. Мы папярэджвалі, што будзе напружанне, і тое, што здарылася ў Пінску, — гэта першыя званочкі для ўлады. Калі сітуацыя яшчэ больш абвострыцца, прадпрымальнікі пойдуць зноў да будынкаў выканкамаў. Людзі не аддадуць сваё дабро, таму што гэта апошняе, што ў іх засталося”, — падкрэсліў кіраўнік „Перспектывы”.
Ён адзначыў, што прадпрымальнікі падымаюць свае вострыя пытанні працы на розныя ўзроўні ўлады. „І Аляксандру Турчыну (першы віцэ-прэм’ер. — БелаПАН.) кажам, і ўраду, што трэба ліквідаваць прычыны і складнікі негатыўных момантаў. Але нас ігнаруюць, Турчын з намі не сустракаецца, на сустрэчы з бізнес-саюзамі „Перспектыву” не клічуць, рабочая група пры Мінэканомікі нічога не вырашае”, — заўважыў Шумчанка.
Ён нагадаў, што яшчэ ў 2016 годзе на рабочай групе пры Мінэканомікі РГА „Перспектыва” патрабавала зняць адказнасць па сертыфікатах з ІП рознічнага гандлю. Паколькі, паводле растлумачэння Еўразійскай эканамічнай камісіі, канчатковы прадавец у розніцы не абавязаны адказваць за наяўнасць сертыфікатаў, гэта прэрагатыва вытворцаў і імпарцёраў у краіны ЕАЭС.
„Чаму не працуюць дакументы, якія накіраваныя на разняволенне прыватнай ініцыятывы, чаму мы маем сёння тое ж самае, што і тры, і пяць гадоў таму? Значыць, прынятыя не тыя дакументы, не тыя законы, без удзелу прадпрымальніцкай супольнасці”, — заўважыў лідар „Перспектывы”.
Паводле яго слоў, прадпрымальнікі зноў заклікаюць урад сесці за стол перамоваў. „Заклікаем Турчына звярнуць увагу і сустрэцца з намі, як мы гэта планавалі раней, але потым чамусьці сустрэча была сарваная”, — сказаў Шумчанка.
Фота perspektyva.org