У Полацку суд стаў на бок прадпрымальнікаў



У Полацку станоўча для прадпрымальнікаў завяршылася судовая справа. Арышт на тавар адмянілі, прадукцыю вярнулі, а справу па вытворчасці закрылі. Гэта ўжо другая падобная перамога аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва», кажа яго старшыня Анатоль Шумчанка. Ён нагадаў, што ў сярэдзіне кастрычніка мінулага года разгарнуліся драматычныя падзеі ў Полацку, калі па расійскіх накладных былі канфіскаваныя тавары ў некалькіх бізнесоўцаў і выпісаныя вялікія штрафы. Па сутнасці, гэта і стала адпраўной кропкай масавых пратэстаў прадпрымальнікаў.

— Тое, што я казаў на працоўнай групе, гэта: «Сябры, калі вы, дзяржава, кажаце дзяржаве, што вы не хочаце ісці на супрацьстаянне з людзьмі па накладных, дык закрыйце справу полацкіх ІП».Тады яны адказалі няўцямна, маўляў там ёсць праблема і мы разбіраемся. А сёння калі ласка, мы дабіліся поспеху і гэты вынік па-першае пастановы па справе Палякова, дзе мы дабіліся, што фірму прызналі. Па-другое, гэта прыклад для ўсіх прадпрымальнікаў, што трэба змагацца і фактычна сёння настроі і у судах і агулам змяняюцца. Нешта такі дайшло да ўладаў, бо нельга рэзаць курыцу, што нясе залатыя яйкі.

«Паслядоўная барацьба не прайшла дарма і прынесла поспех і вынік для ўсяго малога бізнесу», — адзначае Анатоль Шумчанка. Па ягоных словах, прэцэдэнт у Полацку можа паўплываць на тое, што ў краіне стане больш прадпрымальнікаў, якія не будуць пагаджацца з канфіскацыямі тавару і будуць змагацца за свае правы ў судах.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя