У Польшчы пачнуць выдаваць іпатэку пад 2% гадавых
З ліпеня бягучага года ў Польшчы пачне працаваць праграма іпатэчнага крэдытавання “Першая кватэра” з дзяржаўнай субсідыяй.
Цяперашнія рынкавыя стаўкі па іпатэчных крэдытах у злотых у Польшчы складаюць каля 7,5-8,5 % гадавых. Праграма “Першая кватэра” (Pierwsze mieszkanie) прадугледжвае крэдыт пад 2% гадавых. Розніцу ў стаўках будзе кампенсаваць дзяржава. Але банкаўскую маржу, або камісію павінен будзе пакрыць пазычальнік, а гэта яшчэ каля 2%. У выніку атрымліваецца, што па факце гэта будзе крэдыт пад 4% гадавых, што і так істотна ніжэй, чым стаўкі па звычайных іпатэках.
Скарыстацца праграмай змогуць толькі тыя, хто набывае сваё першае жыллё. Крэдытаатрымальнік мусіць быць не старэйшы за 45 год. Ільготны перыяд будзе доўжыцца толькі першыя 10 год. Максімальная сума крэдыту для адзінокіх людзей складае 500 тысяч злотых (каля 110 тысяч еўра), для сямейных — 600 тысяч (каля 131 тысячы еўра).
Што будзе з далярам і еўра ў траўні. Прагноз эканаміста
У бліжэйшыя 2−3 месяцы курс беларускага рубля, з найбольшай верагоднасцю, застанецца прыкладна ў тым жа дыяпазоне ў адносінах да даляра, як сёння, то бок ад 2,87 да 3,05 рублі за даляр. Пра гэта кажа старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук у прагнозе для тэлеграм-канала Каардынацыйнай рады.
– Абапіраючыся на факты і эканамічныя мадэлі, з пэўнай доляй упэўненасці можна казаць пра тое, які трэнд з большай імавернасцю будзе дамінаваць, напрыклад, на ўмацаванне ці аслабленне нацыянальнай валюты, на тым ці іншым гарызонце. Дык вось сёння на перспектыву бліжэйшых 2-3 месяцаў мне бачыцца найбольш верагодным знаходжанне курса беларускага рубля прыкладна ў тым жа дыяпазоне ў адносінах да даляра, дзе ён ёсць зараз (2.87-3.05). Пры гэтым, невялікае аслабленне магчыма да расейскага рубля, – адзначыў эканаміст.
225 тон капусты згніла ў стабілізацыйным фондзе Гомеля
У Гомелі на складах сельскагаспадарчага прадпрыемства “Камбінат “Усход” згніла больш за дзвесце тон свежай белакачаннай капусты. Пры гэтым на складах прадпрыемства захоўваецца садавінагародніная прадукцыя, якая фарміруе стабілізацыйны фонд абласнога цэнтра, паведамляе тэлерадыёкампанія “Гомель”. Як гаворыцца ў тэлесюжэце, работнікі прадпрыемства не раз казалі кіраўніку, што капуста гніе, але ў адказ чулі толькі: „Усё вырашым”. Але нічога не вырашалася на працягу некалькіх месяцаў. У выніку 225 тон капусты канчаткова сапсаваліся. Прычына – парушэнне тэмпературнага рэжыму ў сховішчы, несвоечасовая падрыхтоўка прадукцыі і памяшканняў да захоўвання.
У дачыненні да кіраўніка прадпрыемства распачалі крымінальную справу па арт. 425 КК аб бяздзейнасці службовай асобы.
Улады хочуць сабраць больш падаткаў з рамеснікаў
З 1 ліпеня рамеснікам прыйдзецца пацвярджаць свой статус праз камісіі ў адміністрацыях раёнаў. Калі мясцовыя органы скажуць, што іх дзейнасць адносіцца да рамеснай, можна будзе выплачваць рамесніцкі збор. Цяпер гэта 6 рублёў штомесяц. Хто не атрымае пацвярджэнне, павінны будуць плаціць падатак на прафесійны даход. Цяпер ён складае 10% або 20% у залежнасці ад даходаў і статусу плацельшчыка. Толькі ў Менску цяпер зарэгістравана каля 13 тысяч рамеснікаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота economiafinanzas.com