У Расеі пачнецца продаж беларускіх Geely
У лістападзе ў Расеі пачнецца продаж паўнапрываднага красовера пад маркай Geely беларускай вытворчасці.
Як паведамляе партал autonews.ru, дызайн красовераў Atlas ствараў Пітэр Хорбер, які раней супрацоўнічаў з Volvo. У аўто будзе панарамны люк і храмаваная рашотка радыятара. Дадзеных па рухавіку пакуль няма, у Кітаі ў аналагічнага аўто магутнасць матора складае 184 конскія сілы. Інфармацыі аб кошце машыны таксама пакуль няма.
Пра тое, што першыя аўтамабілі завода „БелДжы” могуць з`явіцца ў продажы ўжо ў лістападзе, паведаміў журналістам 14 верасня міністр прамысловасці Віталь Воўк перад пачаткам калегіі Мінпрама. „Зараз заканчваем выпрабаванні серыі з 222 вырабаў і не будзем спыняцца, а вырабляць аўтамабілі далей”, — сказаў кіраўнік міністэрства. На пытанне, калі з`явяцца аўтамабілі ў вольным продажы, ён адказаў, што „хутка, можа быць, і ў лістападзе”.
„Але да гэтага трэба сур`ёзна падрыхтавацца. Завод „БелДжы” захоўвае карпаратыўныя стандарты, каб кліент меў доступ да сэрвісу ў любой краіне свету, таму цяпер ідзе вялікая праца з дылерамі, калі яны цяпер не могуць даць [сэрвіс]. Галоўнае, каб спажывец быў аблашчаны”, — завіў Воўк.
Беларуска-кітайскае СЗАТ „БелДжы”, якое выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, створана ў 2011 годзе. У лютым 2013 года на прадпрыемстве быў сабраны першы аўтамабіль. Акцыянерамі „БелДжы” з`яўляюцца ААТ „БелАЗ” (51,49%), Zhejang Jirun Automobile Co., Ltd (33,47%), СЗАТ „Саюзаўтатэхналогіі” (9,01%) і CITIC International Investment Limited (6,03%). У 2015 годзе паміж Барысавам і Жодзінам пачалося будаўніцтва новай пляцоўкі па выпуску аўтамабіляў. Для рэалізацыі праекта выдзелены кітайскі крэдыт на 158,7 млн долараў ЗША. Агульны аб`ём інвестыцый складзе 400 млн еўра.
Першая невялікая партыя легкавых аўтамабіляў „БелДжы” была зроблена ў канцы чэрвеня і сертыфікавана, паведаміў у канцы ліпеня журналістам першы намеснік міністра прамысловасці Генадзь Свідзерскі. „Абсталяванне паказала сябе эфектыўным і адпаведным патрабаванням тэхнічнага задання. Таму мы плануем, што гэтак жа паспяхова правядзем эксплуатацыйныя выпрабаванні ў жніўні і пяройдзем да стадыі серыйнай вытворчасці і экспартных паставак легкавых аўтамабіляў”, — сказаў Свідзерскі.
Паводле яго слоў, будзе выпушчана некалькі мадэляў: два красоверы і адзін легкавы аўтамабіль. „Гэтыя машыны ўжо пойдуць на продаж. Мадэльны шэраг арыентуецца на розныя цэнавыя сегменты. Мы яго пасля выпрабаванняў будзем рэкламаваць больш актыўна”, — паведаміў першы намеснік міністра.