У Расеі расказалі, чаму не актуальная адзіная валюта з Беларуссю
Намеснік міністра эканамічнага развіцця РФ Дзмітрый Вольвач расказаў 26 снежня аб росце разлікаў у нацыянальных валютах паміж Беларуссю і Расеяй да больш як 80 працэнтаў у таварным абароце. Доля разлікаў у нацвалютах будзе толькі расці, упэўнены расейскі чыноўнік.
«Нашы рэгулятары не бачаць неабходнасці педаляваць пытанне пераходу на нейкую наднацыянальную і адзіную саюзную валюту. Нашы нацыянальныя валюты добра спраўляюцца з падтрыманнем і забеспячэннем узаемнага тавараабароту, ліквіднасці ўзаемных таварных абавязацельстваў і іншага роду міждзяржаўных разлікаў», – сказаў Вольвач.
У планах фінансавых ведамстваў Беларусі і Расеі, паводле яго слоў, далейшая інтэграцыя фінансавай, плацежнай і біржавой інфраструктуры, што яшчэ больш аблегчыць работу ўдзельнікаў ЗЭД як на таварных, так і на фінансавых рынках.
Раней стала вядома, што плацяжы ў нацыянальных валютах займаюць 75% ва ўзаемаразліках краін ЕАЭС, а на даляр прыпадае ўсяго 21% ад агульнага аб’ёму аперацый. Тым часам Еўразійская эканамічная камісія прапанавала стварыць адзіную плацежную сістэму з краінамі БРІКС.