У Расеі ўвядуць электронныя патэнты для гастарбайтараў
У Расеі для працоўных мігрантаў могуць увесці электронны патэнт, паведамляе агенцтва РБК са спасылкай на прэс-службу МУС. Гэта будзе карта з электронным носьбітам інфармацыі. Па словах прадстаўніка ведамства, МУС ужо рыхтуе неабходную нарматыўную базу. Першым горадам, дзе працоўныя мігранты атрымаюць электронныя патэнты на працу, стане Масква.
У лютым урад прапанаваў абавязаць усіх мігрантаў, якія прыбываюць у Расею з краін з магчымасцю бязвізавага ўезду больш чым на тры месяцы, праходзіць біяметрычны і медыцынскі кантроль. Гаворка ідзе перш за ўсё аб грамадзянах Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), якія прыязджаюць у Расею працаваць.
З-за няпоўнага кантролю за здароўем мігрантаў расце рызыка завозу небяспечных інфекцыйных захворванняў, адзначылі аўтары законапраекта. Акрамя таго, біяметрычныя дадзеныя дапамогуць праваахоўным органам пры вышуку злачынцаў, тэрарыстаў і асоб, знаходжанне якіх у Расеі непажадана, лічаць яны. Гэты законапраект накіраваны на разгляд у Дзярждуму.
Для працоўных мігрантаў таксама ўвядуць электронную рэгістрацыю, паведамілі ў МУС. Электронная рэгістрацыя будзе абавязковай умовай для іх працаўладкавання. Акрамя таго, зарэгістравацца ў адмысловым рэестры абавяжуць і працадаўцаў замежнікаў.
Паводле ацэнак экспертаў, у Расеі да пандэміі працавалі каля 1 мільёну беларускіх грамадзян.
Беларускае Радыё Рацыя