У Расеі за пяць дзён знішчана амаль 190 тон харчавання, увезенага з Беларусі



З 15 па 19 ліпеня знішчана 189,27 тоны рознай раслінаводчай прадукцыі, увезенай з Беларусі, паведаміла ўпраўленне Рассельгаснагляда па Бранскай і Смаленскай абласцях.

Транспартныя сродкі з харчаваннем былі затрыманыя супрацоўнікамі Смаленскай мытні, пагранічнага кіравання ФСБ Расеі па Смаленскай вобласці і МУС РФ па Смаленскай вобласці. У межах міжведамаснага ўзаемадзеяння грузы былі перададзеныя ва ўпраўленне Рассельгаснагляда „для правядзення далейшага кантролю”.

Спецыялісты ўпраўлення высветлілі, што 12 партый яблыкаў, дзве з якіх спрабавалі завезці пад выглядам тавару прыкрыцця — уцяпляльніка з каменнай ваты, а таксама цыбуля-парэй, каранёвая і ліставая салера, брокалі, свежая салата, шпінат, рукала і свежая капуста ўвозіліся з тэрыторыі Беларусі без фітасанітарных сертыфікатаў і іншых суправаджальных дакументаў.

Грузы знішчаныя шляхам пахавання пасля папярэдняга здрабнення.

belapan.by