У Расеі абмяжуюць пастаўкі прадукцыі Гарадзенскага мясакамбіната
„Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе вымушана ўвесці з 25 траўня гэтага года часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расею прадукцыі, што вырабляецца беларускім прадпрыемствам ААТ „Гродзенскі мясакамбінат”, — гаворыцца ў паведамленні расійскага ведамства.
Адзначаецца, што такое рашэнне было прынята па прычыне выяўлення больш як 6 тон незаяўленай у дакументах сыравяленай і сыравэнджанай прадукцыі са свініны, выпрацаванай ААТ „Гродзенскі мясакамбінат”, якая перавозілася разам з іншай мясной прадукцыяй з Беларусі ў Расею.
„Незаконнае перамяшчэнне прадукцыі з мяса свініны з Беларусі ў Расею можа сведчыць аб удзеле ветэрынарнага ўрача Гарадзенскай ветэрынарнай службы, які займаецца сертыфікацыяй, у арганізацыі ашуканскай схемы паставак свінагадоўчай прадукцыі, увоз якой у Расейскую Федэрацыю часова абмежаваны”, — лічаць у Рассельгаснаглядзе.
У ведамстве таксама падкрэсліваюць, што ў выпадку паўторнага выяўлення свінагадоўчай прадукцыі, якая незаконна увозіцца, Рассельгаснагляд будзе вымушаны ўвесці часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расейскую Федэрацыю прадукцыі з усёй тэрыторыі Гарадзенскай вобласці.
Сваю занепакоенасць гэтай сітуацыяй і інфармацыю аб прынятым рашэнні Рассельгаснагляд адправіў афіцыйным лістом у дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, у якім таксама папрасіў кампетэнтнае ведамства правесці праверку гэтага факта і прыняць неадкладныя меры, накіраваныя на выключэнне ў далейшым такіх выпадкаў. Рассельгаснагляд чакае інфармацыю аб выніках праверкі.
Нагадаем, Рассельгаснагляд неаднаразова ўводзіў шэраг абмежаванняў на пастаўкі беларускай мяса-малочнай прадукцыі ў Расею. Уведзеныя санкцыі ведамства абгрунтавала тым, што якасць беларускай прадукцыі не адпавядае дзейным тэхнічным стандартам. У сваю чаргу ўлады Беларусі лічаць, што прэтэнзіі Рассельгаснагляду ў многіх выпадках з’яўляюцца надуманымі і мэта іх — выцясненне беларускай прадукцыі з расійскага рынку.
belapan.by