У Расею не пусцілі амаль 20 тысяч тон беларускага сыру



Упраўленне Рассельгаснагляда па Бранскай і Смаленскай абласцях РФ забараніла ўвоз у краіну 19,6 тоны беларускага сыру. Як паведамляе ўпраўленне, забарона накладзеная ў сувязі „з парушэннямі ў афармленні суправаджальных дакументаў”.

Паводле даных Рассельгаснагляда, груз накіроўваўся ў адрас кампаніі „Молград Бранск” у суправаджэнні ветэрынарнага сертыфікату, выдадзенага беларускай дзяржаўнай ветэрынарнай службай 13 верасня 2018 года. Адпраўніком сыроў выступіла кампанія „Гомель малако”. „Аднак пры правядзенні ветэрынарнага кантролю спецыялісты ўпраўлення Рассельгаснагляда ўстанавілі, што на частку сыру фактычна адсутнічалі пасведчанні якасці і бяспекі харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў, паколькі даты выпрацоўкі і нумары партый прадукцыі, названыя непасрэдна на маркіровачных этыкетках, не былі пазначаны ў дакументах”, — гаворыцца ў паведамленні ўпраўлення. Па гэтай прычыне груз быў вернуты адпраўніку.

„Упраўленне Рассельгаснагляда лічыць неабходным нагадаць службовым асобам, адказным за афармленне суправаджальных дакументаў, пра неабходнасць строгага выканання дзейных правілаў і нормаў, паколькі іх парушэнні непазбежна цягнуць за сабой выдаткі для ўдзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці, звязаныя з вяртаннем грузаў”, — падкрэслівае ведамства.

У Менску лічаць, што расійскі бок стварае штучныя бар’еры для доступу на ўнутраны рынак беларускіх прадуктаў харчавання. На думку уладаў Беларусі, айчынная харчовая прадукцыя, якая пастаўляецца ў Расею, з’яўляецца абсалютна якаснай.

„Мы ім дрэннага нічога не вязем, — заяўляў Аляксандр Лукашэнка вясной гэтага года падчас паездкі ў Дзяржынскі раён Менскай вобласці. — Дай бог, як самі правяральшчыкі кажуць, каб у Расеі было так, як у Беларусі. Таму будзем вызначацца ў гэтым годзе. Што ж мы добрую справу робім і на каленях пастаянна стаім”.

Тады ж Лукашэнка даручыў беларускім вытворцам малочнай прадукцыі шукаць новыя рынкі ва ўмовах праблем з пастаўкамі прадуктаў харчавання ў Расею.   БелаПАН