У рэформах не зацікаўлены “чырвоныя дырэктары” і сілавікі



Эканаміст і кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін распавядае пра тое, каму сёння ў краіне не патрэбны рэформы.

Эканаміст Уладзімір Кавалкін у адным са сваіх апошніх інтэрв’ю заявіў, што “ў бліжэйшыя некалькі гадоў эканоміка Беларусі пройдзе праз стагнацыю (застой) ці рэцэсію (заняпад)”. Што больш верагодна?

кавалкін_уладзімір_рацыйная

Уладзімір Кавалкін: Больш верагодна марудная рэцэсія. У наступным годзе – практычна дакладна, бо на рэформы разлічваць не варта. І тое, пра што казаў памочнік кіраўніка краіны Кірыл Руды, якраз і судносіцца з рэальнасцю, якая адбываецца ўнутры ўлады.

РР: Да рэформаў не гатовы самі беларусы ці ўлады?

Уладзімір Кавалкін: Хутчэй за ўсё, улады, бо беларусы падрыхтаваны да рэформаў, і больш за тое – чакаюць іх ад ураду. А вось улады не гатовыя да зусім новай мадэлі работы з эканомікай. У любой рэформе ёсць тыя, хто атрымлівае ад гэтага прыбытак, і тыя, хто ў гэтым выпадку прайграе. Дык вось, калі праводзіць адэкватныя эканамічныя рэформы, у нас прайграюць дзве вялікія лабісцкія групы.

Першая – гэта нашы “чырвоныя дырэктары” альбо дырэктары дзяржаўных прадпрыемстваў, у якіх вялікая доля дзяржавы. Яны губляюць вельмі шмат эканамічных выгод, пачынаючы ад танных крэдытаў і заканчваючы вялікай колькасцю ільгот. Падчас рэформаў стане бачна іх рэальная праца, і, хутчэй за ўсё, ім прыйдзецца сысці.

Другая група – гэта сілавікі, якія таксама зацікаўлены ў захаванні дзеючай мадэлі. Яны першапачаткова кансерватыўныя, і зараз ім куды прасцей кантраляваць сітуацыю. Праз тых жа самых “чырвоных дырэктараў”.

Мяркую, што гэтыя дзве лабісцкія групы будуць максімальна адцягваць рэформы. Таму я згодны з Кірылам Рудым, што ў наступным годзе рэформаў чакаць не варта. Яны будуць праходзіць у нас не на стадыі рэцэсіі, а на стадыі вялікага спаду. Падобная сітуацыя была, калі развальваўся Савецкі Саюз. Але яе будуць максімальна адцягваць.

РР: Да чаго можа прывесці нежаданне рабіць рэформы?

Уладзімір Кавалкін: У свой час Ленін называў тры прыкметы рэвалюцыйнай сітуацыі. Гэта абнішчэнне працоўных мас, калі вярхі не могуць жыць па-новаму і калі ёсць наяўнасць рэвалюцыйнай актыўнасці сярод насельніцтва. Калі тры фактары складваюцца, можа адбыцца рэвалюцыя. Калі ўлада не давядзе да гэтага, то будзе плаўны пераход. Але відавочна, што ў любым выпадку адбудзецца моцнае абнішчэнне сярэдняга класу і людзей меншага дастатку. Іншая рэч, што складана сказаць, да якой мяжы будуць цярпець беларусы гэтае абнішчэнне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара