У сакавіку Літва 550 разоў не прапусціла санкцыйныя тавары ў Беларусь і Расею
У сакавіку Літва 550 разоў не прапусціла санкцыйныя тавары ў Беларусь і Расею. Як адзначае lrmu-iti-ne.lt, быў узмоцнены „мытны кантроль за таварамі ў рамках санкцый Еўрапейскага звяза”, уведзеных у тым ліку і з-за агрэсіі супраць Украіны.
У двух выпадках былі падазрэнні ў намеры экспартаваць тавары падвойнага прызначэння без ліцэнзіі, праводзяцца дасудовыя расследаванні. У 11 выпадках распачатыя адміністрацыйныя справы. Яшчэ 20 спраў расследуюцца па падазрэнні ў няправільных дадзеных у мытнай дэкларацыі — „у спробе пазбегнуць абмежаванняў на гандаль”. Якія канкрэтна тавары везлі ў Беларусь і Расею, не ўдакладняецца.
Літоўская мытня сцвярджае, што „прадухіленне парушэнняў і дэталёвая праверка не толькі дакументаў, але і саміх тавараў займае больш часу, чым звычайна”, а гэта „уплывае на прапускную здольнасць транспарту на мяжы”. Яна просіць прадстаўнікоў бізнэсу, „якія ўсё яшчэ падтрымліваюць эканамічныя стасункі з Расіяй і Беларуссю”, звяртаць асаблівую ўвагу на абмежаванні, уведзеныя ЕЗ, і „загадзя пераканацца, што запланаваныя эканамічныя аперацыі не падпадаюць пад дзеянне санкцый або іншых забаронаў і абмежаванняў”. Літва і раней не прапускала некаторыя грузы ў Беларусь, якія патраплялі пад санкцыі ЕЗ.