У сакавіку нафта пацячэ ў Беларусь па нафтаправодзе Адэса-Броды
Беларусь у сакавіку разлічвае пачаць пастаўкі нафты на НПЗ па нафтаправодзе Адэса – Броды, заявіў журналістам намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Уладзімір Сізаў.
ларусь
„Вядзецца работа па закупцы альтэрнатыўнай нафты з выкарыстаннем паўднёвага маршруту, з украінскай тэрыторыі. Пастаўкі па Адэса – Броды пачнуцца ў бліжэйшы час, у сакавіку. Аб’ём – некалькі танкераў”, – расказаў Уладзімір Сізаў.
Паводле яго слоў, трубаправодная інфраструктура (нафтаправод Адэса – Броды) будзе выкарыстоўвацца як самы эканамічны, хуткі і надзейны транспарт.
Пры гэтым Уладзімір Сізаў не ўдакладніў, якая менавіта краіна можа выступіць пастаўшчыком. „Мы вядзём работу па набыцці рэсурсаў у Чорным моры. Ёсць магчымасць набыцця рэсурсаў як вытворчасці азербайджанскай кампаніі, так і вытворцы з Расейскай Федэрацыі”, – дадаў ён.
„Аб’ём (пастаўкі па нафтаправодзе Адэса – Броды. – Заўвага БЕЛТА) вызначаем, зыходзячы з астаткаў рэсурсаў на НПЗ і факта пастаўкі нафты чыгуначным і трубаправодным транспартам з Расеі”, – растлумачыў намеснік старшыні „Белнафтахіма”.
Як паведамлялася, у студзені ў Клайпедскі порт прыйшло судна з 86 тыс. т нарвежскай нафты для Беларусі. Нафта сорту Johan Sverdrup была прызначана для перапрацоўкі ў ААТ „Нафтан” і дастаўлялася ў Беларусь чыгуначным транспартам.
20 лютага ў „Белнафтахіме” паведамілі, што Беларусь купіла праз трэйдараў 160 тыс. т расейскай нафты без прэміі з перавалкай у Літве. Прыбыццё двух танкераў з нафтай у порт Клайпеды чакаецца ў сакавіку.