У сакавіку рэзка вырас попыт на замежную валюту ў жыхароў Беларусі
У студзені-сакавіку беларусы купілі на ўнутраным рынку на 452,2 млн даляраў больш, чым прадалі, сведчаць статыстычныя дадзеныя Нацбанка.
За студзень-сакавік жыхары краіны купілі (наяўнай і безнаяўнай) замежнай валюты на 2,69 млрд долараў, прадалі 2,23 млрд даляраў. Асобна ў сакавіку купля замежнай валюты фізічнымі асобамі склала 1,02 млрд долараў, продаж — 742,5 млн даляраў. Адпаведна, у сакавіку попыт насельніцтва на замежную валюту перавысіў прапанову на 279,4 млн долараў. У лютым попыт на замежную валюту (на наяўным і безнаяўным рынку) перавысіў прапанову на 128 млн даляраў. У студзені беларусы купілі замежнай валюты больш, чым прадалі, на 44,8 млн даляраў. Такім чынам, чыстая купля замежнай валюты фізічнымі асобамі ў сакавіку ў параўнанні з лютым вырасла амаль у 2,2 разу, а ў параўнанні са студзенем — у 6,2 разу.
Як паведамлялася, курс долара ЗША ў Беларусі ў сакавіку вырас больш чым на 15% (з пачатку года — больш чым на 20%), што магло прывесці да ўзмацнення дэвальвацыйных чаканняў у грамадстве.
На думку фінансавых аналітыкаў, рост курсу долара абумоўлены сітуацыяй, якая складваецца ў свеце з каранавірусам.
„Каранавірус прывёў да зніжэння патэнцыйнага попыту на азіяцкіх рынках”, — адзначыў у каментары БелаПАН дырэктар па развіцці „ФТМ Брокерс” Аляксандр Сабодзін. Адпаведна, растлумачыў ён, гэта справакавала зніжэнне сусветных цэн на нафту і курсу расійскага рубля, ад якога залежыць курс нацыянальнай валюты Беларусі.
Аналітыкі адзначаюць, што сітуацыя на фінансавых рынках застаецца малапрадказальнай з-за таго, што пандэмія ў свеце працягваецца.
У сваю чаргу, Нацбанк у сувязі са значнымі зменамі курсаў замежных валют у сакавіку распаўсюдзіў спецыяльны каментар. „З мэтай абмежавання рызыкаў забеспячэння фінансавай стабільнасці, звязаных з павышанай валацільнасцю курсу, Нацыянальны банк праводзіў валютныя інтэрвенцыі ў дадатковых аб’ёмах”, — паведамляў Нацбанк.
Пры гэтым цэнтральны банк падкрэсліў, што ў краіне захоўваецца рэжым плаваючага курсу і валютныя інтэрвенцыі будуць ажыццяўляцца ў абмежаваных аб’ёмах.
„Нацыянальны банк працягне ажыццяўляць маніторынг сітуацыі і пры неабходнасці будзе прымаць аператыўныя меры рэагавання”, — папярэдзіў рэгулятар.
belapan.by