У Слоніме наладзілі прамысловы выпуск самагонкі
Слонімскі вінаробны завод наладзіў прамысловы выпуск самагонкі. Праўда, прадпрыемству не дазволілі выкарыстоўваць у маркетынгу гэтае слова, таму на прылаўкі слонімскі самагон трапляе пад назовам „спіртны напой са збожжавай сыравіны”. Самагон вырабляюць на спіртавым заводзе ў Бераставіцкім раёне. Пакуль у асартыменце – два віды прадукцыі, у планах – пашырыць асартымент да дзесяці найменняў.
Зараз у якасці эксперыменту лабараторыя настойвае самагон на зуброўцы і шыпшынніку, расказаў БелаПАН кіраўнік завода Максім Валашчук:
– Шматступенная дыстыляцыя. За суткі мы атрымліваем 350 літраў гатовага дыстыляту мацункам 54 – 57 градусаў.
У вытворчасць уклалі пяць мільярдаў рублёў. Самагонны апарат па адмысловай замове выраблены адной з менскіх кампаній.