У слонімскіх кліентаў “Беларусбанка” прападаюць грошы



Многія слонімцы сёння са здзіўленымі тварамі з самай раніцы спяшаюцца ў Слонімскі філіял “Беларусбанка”. З іх рахункаў прапалі розныя сумы грошай: ад 500.000 да 1.500.000 рублёў.

Беларусбанк

Наш карэспандэнт наведаў “Беларусбанк” у Слоніме і запытаўся: у чым прычына? Жанчыны, якія працаюць у банку, сказалі, што сёння з такой праблемай у банк прыходзіла даволі шмат слонімцаў. А адна банкаўская работніца паведаміла, што “атрымаўся збой у банкаўскай сістэме, таму грошы пачалі знікаць з рахункаў кліентаў”. Пакуль журналіст размаўляў з банкаўскімі работніцамі, да іх у кабінет прыйшла жанчына і чуць не са слязамі на вачах паведаміла, што на днях ёй пералічылі заробак і з рахунку зніклі 1.500.000 рублёў.

У канцы дня стала вядома, што ў ААТ “Беларусбанк” узніклі сур’ёзныя праблемы з балансам блацежных карт.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім