У Смаленскай вобласці знішчана больш за 160 тон садавіны з Беларусі
У Смаленскай вобласці знішчана больш за 160 тон плодаагародніннай прадукцыі, якая нелегальна паступіла з тэрыторыі Беларусі, паведаміла БелаПАН прэс-служба ўпраўлення Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях.
„На мінулым тыдні на смаленскіх палігонах ЦБА ў адпаведнасці з заканадаўствам аб парадку ажыццяўлення каранціннага фітасанітарнага кантролю на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза ўтылізавана 16 партый рознай плодаагародніннай прадукцыі (яблыкі, грушы, клубніцы) агульнай вагой 167 тон”, — гаворыцца ў паведамленні.
Грузы былі затрыманыя з 13 па 21 красавіка. Устаноўлена, што ва ўсіх выпадках грузы перавозіліся альбо без фітасанітарных дакументаў, альбо пад выглядам тавараў, дазволеных да паставак у Расейскую Федэрацыю.
Акрамя таго, яшчэ 136 тон затрыманай раней прадукцыі (яблыкі, грушы) плануецца знішчыць пасля завяршэння адміністрацыйных разбораў.
Упраўленне Рассельгаснагляду адзначае, што „на фоне змяншэння легальных паставак з тэрыторыі Беларусі раслінаводчай прадукцыі праз афіцыйныя фітасанітарныя кантрольныя пасты адзначаецца рэзкае павелічэнне спроб яе незаконнага ўвозу”.
„Пры гэтым часта такія грузы ўвозяцца прадстаўнікамі нелегальнага бізнесу, дробнатаварнымі партыямі, для таго каб у выпадку затрымання мінімізаваць страты, звязаныя з іх наступным знішчэннем”, — указваюць у расейскім ведамстве.