У страйку на „Беларуськаліі” бяруць удзел больш за 100 чалавек
У страйку на ААТ „Беларуськалій” на 30 лістапада ўдзельнічае больш за 100 чалавек, паведаміў БелаПАН сустаршыня страйкавага камітэта Анатоль Бокун.
Паводле яго слоў, да страйку штодня далучаюцца па адным або некалькі чалавек. „Сёння яшчэ плюс тры ўдзельнікі, у тым ліку жанчына”, — сказаў Бокун.
Пры гэтым ён адзначыў, што гэта смелыя людзі, таму што на працоўных месцах шахцёры знаходзяцца пад прэсам адміністрацыі прадпрыемства. „Кіраўніцтва ўвесь час „вядзе працу”. Але, нягледзячы на гэта, страйкавы рух шырыцца, людзі далучаюцца да страйку”, — падкрэсліў лідар страйкама.
Ён таксама заявіў, што работнікі, якія далучыліся да страйку, маюць маральную, юрыдычную, матэрыяльную падтрымку. Паводле інфармацыі Бокуна, звольнілі каля 50 удзельнікаў страйку, якім таксама аказваецца дапамога.
Бокун не змог ацаніць, колькі чалавек можа далучыцца да страйку. „У кожнага чалавека свой парог страху. Ва ўсякім выпадку больш за 6 тыс. чалавек, якія першапачаткова падтрымалі страйк, свядома тады выходзілі на пратэст. Адзінае, што не справіліся з беспрэцэдэнтным ціскам, які на іх рабілі ўлады. Думаю, гэтыя людзі ўсведамляюць, што адбываецца ў краіне, і яны не змірыліся. Пытанне часу, калі яны саспеюць і пераадолеюць свой страх”, — заявіў сустаршыня страйкавага камітэта.
17 жніўня на прадпрыемстве быў абвешчаны страйк. Шахцёры патрабуюць прызнаць вынікі выбараў прэзідэнта несапраўднымі, прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзію Ярмошыну да адказнасці за злачынства супраць народа і фальсіфікацыю выбараў, вызваліць усіх палітвязняў і ўдзельнікаў мірных акцый, прызнаць усе пастановы і прысуды, вынесеныя ў дачыненні да іх, неабгрунтаванымі і незаконнымі.
11 верасня Менскі абласны суд прызнаў страйк на „Беларуськаліі” незаконным. Пазней Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыю страйкама.