У студзені Беларусі ўдалося экспартаваць сваю электраэнергію толькі ва Украіну
У студзені 2021 года Беларусь экспартавала за мяжу ў рэжыме камерцыйных і аварыйных паставак 183 млн 921,2 тыс. кілават-гадзін электраэнергіі на 8 млн 34,5 тыс. долараў, сведчаць дадзеныя на сайце інтэрактыўнай інфармацыйна-аналітычнай сістэмы распаўсюджвання афіцыйнай статыстычнай інфармацыі Белстата.
Адзіным пакупніком беларускай электрычнасці ў першым месяцы года была Украіна (імпартавала 183,722 млн квт∙гадз, паводле дадзеных „Укрэнерга”). У параўнанні са студзенем 2020 года экспарт электрычнасці з Беларусі знізіўся амаль на 5,5% — тады за мяжу было прададзена 194 млн 386,6 тыс. кВт∙гадз, пастаўкі ажыццяўляліся ў Літву (52,04%), Украіну (47,93%) і Латвію (0,02%).
Беларусь у студзені імпартавала з-за мяжы 5 млн 664,7 тыс. кВт∙гадз на 246,7 тыс. долараў, пераважна з Расіі, у нязначнай ступені — з Украіны.
У пачатку лістапада 2020 года Літва на падставе „антыастравецкага” закона заблакавала магчымасць камерцыйных паставак беларускай электрычнасці ў сувязі з энергетычным пускам Беларускай АЭС. У Вільнюсе перакананыя, што будаўніцтва станцыі вядзецца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе.
Латвія, салідарызаваўшыся з балтыйскім суседам, таксама вырашыла адмовіцца ад куплі беларускай электрычнасці, хоць Літва перакананая, што электрычнасць з Беларусі прадаецца на Рыжскай біржы пад выглядам расійскай.
Украіна пасля маштабных закупак беларускай электрычнасці ў другой палове 2019 года і рэзкай адмовы ад імпарту вясной 2020-га, з пачатку 2021 года стала зноў нарошчваць пастаўкі. Украінскія чыноўнікі раней заяўлялі, што купля электраэнергіі з Беларусі — тактычны крок, які не адмяняе намеру краіны адключыцца ад беларускай і расійскай энергасістэм у 2022 годзе.
24 лютага міністр энергетыкі Літвы Дайнюс Крэйвіс на сумесным анлайн-пасяджэнні знешнепалітычных камітэтаў украінскага і літоўскага парламентаў заклікаў Украіну спыніць імпарт электрычнасці з Беларусі. Чыноўнік заявіў, што спыненне гандлю электраэнергіяй з Беларуссю, якая эксплуатуе небяспечную АЭС, — гэта неабходная ўмова для спынення будаўніцтва яе другога энергаблока. „Астравецкая АЭС з’яўляецца геапалітычным праектам і нашай агульнай пагрозай, таму я заклікаю сваіх украінскіх калег праявіць салідарнасць, каб спыніць яе далейшае збудаванне”, — заявіў кіраўнік энергетычнага ведамства Літвы.