У студзені-чэрвені аб’ём жыллёвага будаўніцтва знізіўся амаль на 8%



У студзені-чэрвені 2017 года ў Беларусі арганізацыямі ўсіх форм уласнасці пабудавана 22,8 тыс. новых кватэр. Уведзена ў эксплуатацыю 1 млн 916,5 тыс. кв. метраў агульнай плошчы жылля, на 7,8% менш, чым за аналагічны леташні перыяд.

Паводле звестак Белстата, у чэрвені было пабудавана 496,4 тыс. кв. метраў, што на 4,3% менш, чым у чэрвені 2016 года, і ў 2,3 разу больш, чым у маі 2017-га.

Для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, у студзені-чэрвені ўведзена ў эксплуатацыю 641,7 тыс. кв. метраў агульнай плошчы, або 33,5% агульнага аб’ёму ўведзенага жылля.

З агульнага аб’ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 284,4 тыс. кв. метраў (на 43,3% менш, чым у студзені-чэрвені 2016 га), у шматкватэрных жылых дамах у гарадах — 366,8 тыс. кв. метраў.

У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 519,8 тыс. кв. метраў агульнай плошчы жылля, або 27,1% агульнага ўводу.

У 2016 годзе ўведзена ў эксплуатацыю за кошт усіх крыніц фінансавання 4 млн 285,7 тыс. кв. метраў жылля — на 15,2% менш у параўнанні з 2015 годам.

У 2017 годзе плануецца пабудаваць 3,5 млн кв. метраў жылля. Фінансаванне з усіх крыніц складзе 3,7 млрд рублёў. Ва ўрадзе разлічваюць, што гадавая праграма будаўніцтва жылля будзе на 77% прафінансаваная з уласных сродкаў насельніцтва.

Як раней заявіў БелаПАН начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль, аб’ёмы жыллёвага будаўніцтва залежаць не ад будаўнікоў, а ад фінансавання. Вытворчая база дазваляе будаваць 10 млн квадратных метраў жылля на год. „Будзе больш грошай, будзем больш будаваць”, — сказаў прадстаўнік Мінбудархітэктуры.

belapan.by