У студзені—красавіку беларускі ВУП знізіўся на 3%



Паводле першай ацэнкі аб’ём беларускага ВУП у студзені—красавіку 2016 года ў бягучых цэнах склаў 293,1 трлн. рублёў, што ў супастаўных цэнах на 3% менш за ўзровень студзеня—красавіка 2015 года, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Індэкс-дэфлятар ВУП у студзені—красавіку 2016 года ў адносінах да аналагічнага перыяду папярэдняга года склаў 112,9%. За першы квартал ВУП знізіўся на 3,6%, за студзень—люты — на 4%, за студзень — на 4,3%.

Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на 2016 год, зацверджаны ў снежні 2015-га, прадугледжваў рост ВУП на 0,3%. Прагноз быў падрыхтаваны з улікам таго, што сярэднегадавая цана нафты, ад якой залежыць эканамічная актыўнасць у Расіі і Беларусі, складзе 50 долараў за бараль. Разам з тым у студзені 2016-га цана нафты на сусветным рынку рэзка знізілася, а цяпер складае менш за 50 долараў за бараль.

Аналітыкі расейскага „Ашчадбанка” прагназуюць, што па выніках 2016 года ВУП Беларусі знізіцца на 1,5%. На думку экспертаў, рэцэсію ў краіне абумоўліваюць скарачэнне вытворчасці ў Расіі, нізкія сусветныя цэны на нафту і нафтапрадукты, паслабленне беларускага рубля і зніжэнне спажывецкага попыту.

 БелаПАН