У студзені-лістападзе будаўніцтва ў Менску скарацілася амаль на 20%



У студзені-лістападзе 2019 года арганізацыі ўсіх форм уласнасці пабудавалі ў Менску 5,2 тыс. кватэр, вынікае з дадзеных галоўнага статыстычнага ўпраўлення сталіцы.

Уведзена ў эксплуатацыю 350,7 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля, што на 19,9% менш, чым у студзені—лістападзе 2018 года. У лістападзе пабудавана 11,6 тыс. кв. м, што на 51,7% менш, чым у лістападзе мінулага года, і на 61,5% менш, чым у кастрычніку 2019-га.

Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, пабудавана 57,7 тыс. кв. м агульнай плошчы, або 16,4% агульнага аб’ёму ўведзенага жылля.

З выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 46,5 тыс. кв. м (на 31% менш, чым у студзені—лістападзе 2018 года).

Як паведамлялася, на 2019 год пастановай урада ад 29 снежня 2018 года Мінску было даведзенае заданне па будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю 670 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля, у тым ліку для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, — 200 тыс. кв. м. Пры гэтым заданне на 2018 год складала 720 тыс. кв. м жылля.

11 сакавіка Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню Мінгарвыканкама Анатоля Сівака, заявіў, што аб’ёмы будаўніцтва жылля ў сталіцы будуць штогод скарачацца, а асноўны акцэнт будзе рабіцца на развіцці гарадоў-спадарожнікаў.

„Вы памятаеце, у старыя добрыя часы мы прынялі канцэпцыю будучай забудовы і прывядзення ў парадак будаўніцтва ў Менску. І дамовіліся пра тое, што паволі, наколькі атрымаецца, будзем згортваць будаўніцтва ў Менску і выносіць яго ў гарады-спадарожнікі, каб не паўтарыць сумны лёс роднасных нам гарадоў. Вазьміце Кіеў, Піцер, я ўжо не кажу пра Маскву, калі працоўныя рэсурсы сцягваюцца ў адно месца. Менск — не гумовы. Ведаю, як менчане гэта ўспрынялі. Яны падтрымліваюць такую тэндэнцыю”, — сказаў Лукашэнка.

На гэтым тыдні Лукашэнка падпісаў указ аб дзяржпадтрымцы будаўніцтва жылля для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў ва ўсіх гарадах-спадарожніках, у тым ліку для менчан.

belapan.by

Фота з сайта travelphoto.club