У студзені сярэдні заробак знізіўся па ўсёй Беларусі



У студзені намінальная сярэдняя заработная плата ў трох абласцях Беларусі знізілася ў параўнанні са снежнем больш чым на 8%, яшчэ ў трох — на 12% і больш, сведчаць афіцыйныя статдадзеныя.

Намінальная налічаная сярэдняя зарплата ў студзені 2019 года ў Беларусі склала 981,6 рубля і знізілася на 12% у параўнанні са снежнем 2018-га.

Найбольшае зніжэнне зарплаты зафіксавана ў Берасцейскай вобласці, дзе яна склала 833,8 рубля і паменшылася на 17% у параўнанні са снежаньскім паказчыкам. У Гарадзенскай вобласці сярэдняя зарплата склала 837,7 рубля і паменшылася на 14,2% у параўнанні са снежнем, у Менскай — на 13,5% да 981,4 рубля.

У Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай абласцях студзеньская зарплата склала 817,3 рубля, 830 рублёў і 891,4 рубля адпаведна. У параўнанні са снежаньскім узроўнем сярэдняя зарплата ў пералічаных абласцях паменшылася на 9,1%, 8,1% і 8,3% адпаведна.

У прамысловасці студзеньская зарплата знізілася ў параўнанні са снежнем на 14,7% да 1.064,2 рубля; у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы — на 8,1% да 678,7 рубля; у будаўніцтве — на 13% да 1.018,9 рубля. Таксама зніжэнне заробкаў закранула ў студзені бюджэтныя арганізацыі. Сярэдні заробак работнікаў адукацыі ў студзені ў параўнанні са снежнем паменшыўся на 9,1% да 687,4 рубля, работнікаў аховы здароўя — на 17,5% да 769,7 рубля.

Тэма даходаў насельніцтва падымалася на мінулым тыдні на пасяджэнні Савета міністраў. Прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што ў гэтым годзе ўрад будзе асаблівую ўвагу надаваць даходам нізкааплатных катэгорый работнікаў, і адзначыў, што большая частка такіх работнікаў засяроджаная ў бюджэтнай сферы.

Беларускія эканамісты не чакаюць значнага росту даходаў насельніцтва ў 2019 годзе. Эксперты звяртаюць увагу, што тэмпы эканамічнага росту ў апошнія месяцы замарудзіліся і аб’ектыўных перадумоў для істотнага павелічэння ў 2019 годзе заробкаў не відаць.

Таму, нягледзячы на выбары, запланаваныя на чацвёрты квартал гэтага года, значнага росту заробкаў сёлета не адбудзецца, прагназуюць эксперты.

„Перадвыбарнае жаданне прастымуляваць рост заробкаў будзе, але па прычыне абмежаваных фінансавых магчымасцяў забяспечыць устойлівы рост даходаў насельніцтва не атрымаецца. Таму магчыма кароткачасовае, за кошт прэмій і розных маніпуляцый, павышэнне заробкаў у перадвыбарны перыяд, якое не стане устойлівым”, — прагназуе старшы навуковы супрацоўнік беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

Сувязь паміж электаральным цыклам і дынамікай даходаў насельніцтва апошні раз прасочвалася ў 2012 годзе, нагадвае дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

„У 2015 годзе, калі праходзілі прэзідэнцкія выбары, мы ўжо не бачылі вялікага ўплыву выбарчай кампаніі на дынаміку заробкаў. Вялікіх магчымасцяў павялічыць зарплаты работнікам у дзяржбюджэце і ў прадпрыемстваў няма, таму рост заробкаў будзе сёлета сціплым”, — выказаў меркаванне ў каментары БелаПАН Чубрык.

belapan.by