У студзені-траўні аб’ём жыллёвага будаўніцтва ў Менску знізіўся амаль на 40%
У студзені—траўні 2019 года арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці ў Менску пабудаваныя 2,2 тыс. кватэр, вынікае са звестак галоўнага статыстычнага ўпраўлення сталіцы.
Уведзена ў эксплуатацыю 157,5 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля, што на 37,9% менш, чым у студзені—маі 2018 года. У траўні пабудавана 19,9 тыс. кв. м, што на 9,6% больш, чым у маі мінулага года, і на 48,6% менш, чым у красавіку 2019-га.
Для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзеныя ў эксплуатацыю 30,4 тыс. кв. м агульнай плошчы, або 19,3% агульнага аб’ёму ўведзенага жылля.
З выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 20,2 тыс. кв. м (на 52,2% менш, чым у студзені—маі 2018 года).
11 сакавіка, прымаючы з дакладам старшыню Менгарвыканкама Анатоля Сівака, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што аб’ёмы будаўніцтва жылля ў сталіцы будуць штогод скарачацца, а асноўны акцэнт будзе рабіцца на развіцці гарадоў-спадарожнікаў.
„Вы памятаеце, у старыя добрыя часы мы прынялі канцэпцыю будучай забудовы і прывядзення ў парадак будаўніцтва ў Менску. І дамовіліся аб тым, што паволі, наколькі атрымаецца, будзем згортваць будаўніцтва ў Менску і выносіць яго ў гарады-спадарожнікі, каб не паўтарыць сумны лёс родных нам гарадоў. Вазьміце Кіеў, Піцер, я ўжо не кажу пра Маскву, калі працоўныя рэсурсы сцягваюцца ў адно месца. Менск не гумовы. Ведаю, як мінчане гэта ўспрынялі. Яны падтрымліваюць такую тэндэнцыю”, — сказаў Лукашэнка.