У студзені ў эканоміцы Віцебскай вобласці зафіксаваная рэцэсія
Валавы рэгіянальны прадукт (ВРП) за студзень 2019 года павялічыўся ў Менску і абласцях, за выключэннем Віцебскай, сведчаць звесткі Белстата.
Так, у Віцебскай вобласці зафіксаванае падзенне ВРП на 3,8% да 710,1 млн рублёў (доля ў ВУП — 7,2%).
У Магілёўскай вобласці ВРП вырас на 0,5% да 625,2 млн рублёў (доля ў ВУП — 6,3%), у Менскай — на 2,3% да 1 млрд 263 млн (12,8%), Гарадзенскай — на 1,9% да 729,9 млн (7,4%), Гомельскай — на 2,2% да 952,6 млн (9,6%), Берасцейскай — на 0,9% да 831,7 млн (8, 4%).
У Менску ВРП вырас на 1,2% да 2 млрд 620,4 млн рублёў (26,5% ВУП). Неразмеркаваная частка склала 21,8% ВУП.
Валавы ўнутраны прадукт за студзень 2019 года вырас на 0,7% да 9 млрд 892,6 млн рублёў. Паводле вынікаў 2017 і 2018 гадоў ВРП павялічыўся ва ўсіх рэгіёнах.
Эксперты Сусветнага банка заўважаюць, што ў Беларусі захоўваецца тэндэнцыя нераўнамернага эканамічнага развіцця рэгіёнаў. У 2017 годзе валавы рэгіянальны прадукт на душу насельніцтва ў Мінску перавышаў краінавы ўзровень у 1,6 разу і быў прыкладна ўдвая вышэй за ВРП на душу насельніцтва іншых абласцей краіны без уліку сталіцы. „Мы чакаем, што нераўнамернасць у развіцці рэгіёнаў, хутчэй за ўсё, захаваецца. Фактараў супрацьстаяць гэтай тэндэнцыі няшмат”, — адзначыў эканаміст СБ у Беларусі Кірыл Гайдук 2 лістапада мінулага года на прэзентацыі спецыяльнай запіскі, прысвечанай няроўнасці ў краіне.
Ён канстатаваў, што эканамічныя паказчыкі рэгіёнаў значна залежаць ад іх месцазнаходжання. Аўтары спецыяльнай запіскі рэкамендавалі аказваць мэтавую дапамогу найменш забяспечаным слаям насельніцтва, а не расходаваць гэтыя рэсурсы на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў і стварэнне працоўных месцаў у рэгіёнах. „Сусветная практыка такая, што людзі павінны ісці да працоўных месцаў, а не наадварот. Гэты падыход дазваляе забяспечыць эфектыўную занятасць”, — падкрэсліў Гайдук.
У сувязі з гэтым эксперты СБ рэкамендавалі не ствараць камерцыйныя праекты за кошт дзяржавы. „Замест разгортвання дарагіх мэтавых мер, скіраваных на захаванне працоўных месцаў у рэгіёнах за кошт рэалізацыі буйных дзяржаўных інвестыцыйных праектаў, неабходныя ўніверсальныя праграмы, арыентаваныя на падтрымку пераходу да больш прадуктыўнай занятасці, пераважна ў прыватным сектары”, — гаворыцца ў даследаванні.