У студзені вытворчасць сельгаспрадукцыі знізілася на 1,9%



У студзені 2019 года ў гаспадарках усіх катэгорый вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў наяўных цэнах склала 861,5 млн рублёў, ці ў супастаўных цэнах на 1,9% менш за ўзровень студзеня 2018 года. Гаворка ідзе пра сельскагаспадарчыя арганізацыі, сялянскія (фермерскія) гаспадаркі і гаспадаркі насельніцтва.

Як паведаміў Белстат, у гаспадарках усіх катэгорый выпрацавана жывёлы і птушкі (у жывой вазе) 152,8 тыс. тон, малака — 586,9 тыс. тон, яек атрымана 286,4 млн.

На долю сельскагаспадарчых арганізацый прыпадае амаль 95% аб’ёму вытворчасці жывёлы і птушкі (у жывой вазе), 97,7% — малака і больш за 92% вытворчасці яек.

На 1 лютага 2019 года ў сельскагаспадарчых арганізацыях колькасць буйной рагатай жывёлы склала 4,2 млн галоў, у тым ліку кароў — 1,4 млн. Пагалоўе свіней склала 2,5 млн.

Варта адзначыць, што у 2018 годзе вытворчасць сельгаспрадукцыі ў Беларусі знізілася на 3,4%. Аб’ём вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі знізіўся на 0,9%, раслінаводства — на 6,1%.

Толькі прыкладна 30% сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у Беларусі працуюць у поўную сілу, паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц у інтэрв’ю, апублікаваным 14 лютага ў „Сельской газете”.

„Зразумела, далёка не ўсё ўдалося, яшчэ шмат рэзерваў, не ўсе прадпрыемствы — прыблізна 30% — працуюць на поўную моц. А ва ўсіх ёсць магчымасць атрымліваць больш прадукцыі, прадаваць яе і плаціць дастойную заработную плату. На жаль, з-за пэўных прычын гэтыя прадпрыемствы недацягваюць да ўзроўню сярэдняга гаспадарання”, — адзначыў ён.

belapan.by