У студзені золатавалютныя рэзервы скараціліся на 150 млн долараў
Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 лютага 2020 года склалі 9,24 млрд долараў і знізіліся за студзень на 150,4 млн долараў, або на 1,6%, паведамляе Нацбанк.
„Зніжэнне ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў па выніках студзеня абумоўленае планавым пагашэннем урадам і Нацыянальным банкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на агульную суму 556 млн долараў ЗША”, — гаворыцца ў паведамленні рэгулятара.
У той жа час падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у студзені, паводле дадзеных Нацбанка, спрыяла некалькі фактараў, а менавіта: паступленне замежнай валюты ў бюджэт, павелічэнне кошту манетарнага золата, паступленне сродкаў ад продажу дзяржаблігацый, а таксама купля замежнай валюты Нацбанкам на ўнутраным рынку.
Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2021 года павінен скласці не менш за 7,3 млрд долараў ЗША. На 1 студзеня 2020 года рэзервы складалі амаль 9,4 млрд долараў.
Кіраўнік Нацбанка Павел Калаур на прэс-брыфінгу ў мінулым годзе, адказваючы на пытанні БелаПАН, адзначыў, што рэгулятар прытрымліваецца асцярожных адзнак адносна дынамікі рэзерваў у 2020 годзе.
„Мы закладаем на 2020 год вельмі асцярожныя падыходы і максімальна ўлічваем рызыкі гандлёвых войнаў, што разгарнуліся паміж асобнымі дзяржавамі, якія фарміруюць ільвіную долю сусветнага ВУП”, — сказаў Калаур.
Ён адзначыў, што ў гэтых умовах цэнтральны банк імкнецца забяспечыць той узровень золатавалютных рэзерваў, які неабходны для забеспячэння фінансавай стабільнасці.
„Наша задача складаецца ў тым, каб рэзервы пакрывалі не менш за двухмесячны аб’ём імпарту”, — удакладніў Калаур.
Як паведамлялася, золатавалютныя рэзервы ўлады назапашваюць у тым ліку для своечасовых выплат па дзярждоўгу. У 2020 годзе, паводле дадзеных Мінфіна, Беларусь павінна накіраваць на абслугоўванне і пагашэнне дзяржаўнага доўгу 8,9 млрд рублёў.
У лістападзе начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўнага доўгу Мінфіна Міхаіл Прышчэпа, выступаючы на семінары, адзначаў, што міністэрства імкнецца праводзіць даўгавую палітыку, якая дазваляла б падтрымліваць узровень золатавалютных рэзерваў.
Ён звярнуў увагу, што „ні для каго не сакрэт, нашы валютныя рэшткі складаюць больш за 4,5 млрд долараў ЗША”. Паводле слоў прадстаўніка Мінфіна, назапашаныя рэшткі дазваляюць Мінфіну зніжаць дзярждоўг хутчэй.
„Але гэта паўплывала б на золатавалютныя рэзервы, таму ў нас ёсць з Нацбанкам дамоўленасць, у адпаведнасці з якой мы рэфінансуем штогод каля 75% абавязацельстваў”, — сказаў Прышчэпа.
belapan.by